Суды за малюнкі на асфальце
Заўтра, 24 жніўня, у Салігорску адбудзецца суд над маладафронтаўцамі за конкурс малюнкаў крэйдай на асфальце, які актывісты зьбіраліся ладзіць 27 ліпеня ў гадавіну абвяшчэньня Дэклярацыі незалежнасьці Беларусі.
На кожнага з шасьці затрыманых склалі па два пратаколы: за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве й за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.
Конкурс малюнкаў у Салігорску 27 ліпеня сарвала міліцыя. Як толькі удзельнікі пачалі маляваць крэйдай на асфальце, міліцыянты затрымалі шасьцярых юнакоў: Іван Шыла, Аляксей Валабуеў, Рыгор Астапеня, Андрусь Тычына, Ільля Нагорны, Сяргея Герановіч.
У Салігорску штогод ладзіцца конкурс малюнкаў, прымеркаваны да гадавіны абвяшчэньня Дэклярацыі аб незалежнасьці. Сёлета традыцыйны конкурс мусіў адбыцца ў пяты раз.
27 ліпеня 1990 году Вярхоўны Савет БССР урачыста прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР. З гэтага моманту, згодна Дэклярацыі, Беларусь абвяшчалася незалежнай дзяржаваю.