Перамога ў судзе актывісткі БХД з Наваградка
12-13 жніўня адбыліся судовыя паседжанні па справе актывісткі БХД і МФ, народнай дэпутаткі Бахар Дар’і, якая пасля яе звальнення падала ў суд на ўстанову “Гарадзенская міжраённая ДЮСШ прафсаюзаў па зімовых відах спорту” па аднаўленні яе на працы і выплаце на яе карысць сярэдняга заробка за час вымушанага прагула.
Як пісала раней прэсавая служба БХД, Дар’я Бахар была звольнена з працы 30 чэрвеня з-за актыўнага ўдзелу ў мясцовай выбарчай кампаніі ў красавіку 2010 года. Афіцыйнай прычынай звальнення было скарачэнне штатаў.
“Падчас судовых паседжанняў суддзя Хіжняк Алена выявіла парушэнні, якія былі дапушчаны падчас майго звальнення, - распавядае Дар’я Бахар. - Затым суддзя прапанавала напісаць заяву аб тым, што я згодна на выплату 10-ці сярэднемесяцовых заробкаў у сувязі з тым, што штатны расклад на момант суду ужо зацверджаны і няма сэнсу аднаўляць мяне на працы”.
Дар’я Бахар пагадзілася з гэткай прапановай, і ў выніку суд прыняў рашэнне адмовіць ў аднаўленні на працы, але той установе, дзе працавала актывістка, пастаноўлена выплаціць на яе карысць 2 946 760 рублеў, а таксама каля 150 тысячаў рублеў дзяржпошліны і іншых судовых выдаткаў на карысць дзяржавы.
Дырэктар школы Шулькевіч Зоя, якая таксама прысутнічала на судзе, паводле Дар’і Бахар “прама такі выляцела з залы судовых паседжанняў са словамі “Я нічога плаціць не буду, я буду абскарджваць”.
Каментуючы паседжанне Дар’я Бахар прыводзіць словы з Бібліі, (Прытчы 21:31) ”Каня рыхтуюць на дзень бітвы, але перамога ад Госпада.»
Якія б не былі суды ў маім жыцці і выпадкі -- ўсе перамогі ад Госпада і гэта перамога яскравае пацверджанне таму.
А вось “каня” падрыхтаваць Бахар дапамог выдатны юрыст Свірэпа Юрый, які растлумачыў ёй асаблівасці беларускага заканадаўства, выкарыстоўваючы якія яна і змагалася.