Чыноўнікі Мінабароны адмовіліся размаўляць з Франаком Вячоркам
Аднак Іван Шыла і Франак Вячорка ўсё ж перадалі ў Мінабароны больш за паўтары тысячы подпісаў з патрабаваннем рэфармавання арміі.
Сустрэча з нядаўна мабілізаванымі моладзевымі актывістамі апазіцыі адбылася 12 жніўня ў пакоі для прыёму гасцей Міністэрства абароны. У ёй удзельнічаў намеснік начальніка галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення Валеры Цісленка і іншыя прадстаўнікі міністэрства. Ваенныя чыноўнікі адразу ж папрасілі Вячорку пакінуць памяшканне і пагадзіліся размаўляць толькі з Шылам.
Моладзевы актывіст паведаміў ім пра мэты і задачы кампаніі «Наша армія», а таксама перадаў сабраныя подпісы ў падтрымку рэфармавання Узброеных сілаў.
«Нічога канкрэтнага ад іх я не пачуў. Яны далі зразумець, што нічога не вырашаюць», — сказаў БелаПАН па выніках сустрэчы Іван Шыла. Ён падкрэсліў, што кампанія «Наша армія» будзе працягвацца да таго часу, «пакуль не дасць канкрэтных практычных вынікаў».
Кампанія «Наша армія» стартавала ў канцы чэрвеня. Яе сутнасць — збор подпісаў за рэформы ў арміі. Актывісты кампаніі, у прыватнасці, прапануюць скараціць тэрмін ваеннай службы да аднаго года для прызыўнікоў без вышэйшай адукацыі і да дзевяці месяцаў — для прызыўнікоў з вышэйшай адукацыяй (у цяперашні час — паўтары гады і год адпаведна); павялічыць адпачынак вайскоўцам; даць ільготы тым, хто адслужыў у арміі пры паступленні ў вну; даць магчымасць вайскоўцам атрымліваць завочную вышэйшую адукацыю.