Савет бяспекі залічыў Моладзь БНФ да радыкальных фармаванняў
Галоўны саветнік дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі Беларусі Ігар Паддубскі апублікаваў у аналітычным часопісе «Беларуская думка» артыкул «Некаторыя аспекты дзейнасці радыкальных фармаванняў».
У ёй прадстаўнік Савета бяспекі да ліку радыкальных фармаванняў залічыў практычна ўсе апазіцыйна настроеныя моладзевыя структуры, якія дзейнічаюць у Беларусі.
"У Рэспубліцы Беларусь, нягледзячы на нізкую ступень распаўсюду ў моладзевым асяродку радыкальных ідэяў, ні адна з рэальна дзейных незарэгістраваных структураў добраахвотна не спыніла сваёй дзейнасці. У краіне працягваюць функцыянаваць больш за дзесяць моладзевых радыкальных фармаванняў", - расказаў у сваім артыкуле Ігар Паддубскі.
Нараўне з такімі прафашысцкімі арганізацыямі, як Рускае нацыянальнае адзінства, Скінхэды, "Белая воля", "Брытагаловыя ваўкі-88", Ігар Паддубскі да радыкальных фармаванняў аднёс "Моладзь БНФ", "Малады фронт", "Маладая Беларусь", "Маладых дэмакратаў" , "Маладых сацыял-дэмакратаў".