26 студзеня Андрэя Пачобута выклікалі ў абласную пракуратуру дзеля тлумачэньняў
Яму паведамілі, што правялі экспертызу інфармацыі ў двух нумарах часопісу "Magazyn Polski" ў эміграцыі", які ён рэдагуе. Але спадар Пачобут адмовіўся даваць тлумачэнні. У пракуратуры знаходзілася супрацоўніца падатковай службы, якую цікавіла: ці не дапамагалі яму польскія журналісты сплаціць штраф за ягоны ўдзел у несанкцыянаваным пікеце?
У пракуратуры ў Андрэя Пачобута цікавіліся, хто аўтар публікацыяў і чаму ў выдання няма выходных звестак. Тое, што ён адмовіўся даваць тлумачэнні, было аформлена ў пратаколе, – паведаміў радыё Свабодзе галоўны рэдактар. Паводле яго, тэчка з матэрыяламі адносна часопісу мае вялікі аб'ём, прыблізна старонак чатырыста.
Спадар Пачобут сказаў, што гутарка са старшым памочнікам пракурора вобласці спадаром Лук’янавым закончылася наступным чынам: "Было ўражаньне, што праведзена вялікая праца. Ён мне сказаў, што справа пакуль што не заведзена, але сустракацца мы цяпер будзем дастаткова часта. Я разумею, што размова ідзе пра "дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь".
Спадар Лук'янаў займаецца ў абласной пракуратуры наглядам за выкананнем законаў аб дзяржаўнай бяспецы.
У пракуратуры таксама знаходзілася супрацоўніца падатковай інспекцыі Ленінскага раёну Гродна. Яе цікавіла: якім чынам Андрэй Пачобут здолеў сплаціць штраф за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце, які адбыўся летась у ліпені ў абарону газэты "Glos znad Niemnа". Тады яго аштрафавалі на 5 мільёнаў 100 тысяч рублёў.