Гомельскія праваабаронцы заняліся правамі дзіцяці
Праваабаронцы Анатоль Паплаўны і Леанід Судаленка лічаць, што бацька абавязаны аддаць дзяўчынку маці.
У Гомельскае аддзяленне праваабарончага цэнтру «Вясна» за юрыдычнай дапамогай звярнулася маладая жанчына Г. з просьбай дапамагчы вярнуць ад былога мужа іх непаўнагадовую дачку. Праваабаронцы Анатоль Паплаўны і Леанід Судаленка дапамаглі маці падрыхтаваць пазоў у суд, дзе ўзнялі пытанне аб перадачы ёй на выхаванне дзесяцігадовай дачкі.
Як распавяла пацярпелая, у 2007 годзе з ёю адбыўся няшчасны выпадак - падчас аўтамабільнага ДТЗ яна атрымала адкрытую чэрапна-мазгавую траўму галавы, удар галаўнога мозгу цяжкай ступені. Яна страціла здольнасць самастойна рухацца, аказалася бездапаможнай у побыце, не магла нават размаўляць. МРЭК прызнаў яе інвалідам 1-й групы.
- Муж-бізнэсовец Р. такога выпрабавання не вытрымаў - падаў у суд на развод. А паколькі за нашай сямігадовай дачкой даглядаць было няма каму, дачка ўвесь гэты час выхоўвалася бацькам, які паспеў стварыць іншую сям’ю, нарадзіць ў новай сям’і дзіця. Наша дзяўчынка была вымушаная пражываць з мачахай, - дзеліцца сваім горам Г.
Пасьля курсу рэабілітацыі стан здароўя жанчыны палепшыўся, ёй устаноўлена 3-я група інваліднасці. Орган апекі і папячыцельства выдаў заключэнне, што па стане здароўя яна ў цяперашні час можа выконваць бацькоўскія абавязкі.
Леанід Судаленка тлумачыць, што “ Кодэкс аб шлюбе і сям’і вызначае, што месца жыхарства дзіцяці пасля скасавання шлюбу вызначаецца па ўзаемнай згодзе бацькоў. Пры адсутнасці згоды спрэчка вырашаюцца судом, зыходзячы з інтарэсаў дзіцяці. Суд улічвае, хто з бацькоў праяўляе большы клопат і ўвагу да дзіцяці, яго ўзрост і прыхільнасці да кожнага з бацькоў, іх асабістыя якасці, магчымасць стварэння належных матэрыяльна-бытавых умоў і маральна-псіхалагічнай атмасферы, забеспячэння належнага ўзроўню выхавання. Улік меркавання дзіцяці, калі яно дасягнула дзесяцігадовага ўзросту, абавязковы, за выключэннем выпадкаў, калі гэта супярэчыць яго інтарэсам”.
Складанасць сітуацыі палягала ў тым, што Г. не ў стане была выхоўваць сваю дачку каля трох гадоў, таму была няўпэўненая, што пад уплывам бацькі дзяўчынка пажадае застацца з ёй.
- Дамовіцца з былым мужам мірным шляхам аб перадачы мне нашай дачкі на выхаванне ў нас не атрымліваецца. Выкарыстоўваючы сітуацыю, былы муж настройвае дачку супраць мяне і не таму, што моцна яе любіць і не хоча з ёю расставацца, а з жадання “насаліць” мне, як былой жонцы, да таго ж прэтэндуючай ў будучыні на падзел сумесна нажытай падчас шлюбу маёмасці, - напісала ў суд Г.
Праваабаронца Анатоль Паплаўны перакананы ў тым, што “любому дзіцяці, тым больш дзяўчынцы, у першую чаргу патрабуецца ўвага, клопат і выхаванне роднай маці, а не няхай нават самай лепшай на свеце мачахі. Дзяўчынка, якая перанесла ў такім юным узросце няшчасны выпадак з маці, якія перажылі распад сям’і, атрымлівае і будзе атрымліваць у будучыні псіхалагічныя траўмы ў выпадку яе пакідання на выхаванне бацьку”.
Праваабаронцы таксама маюць намер аказаць дапамогу ў пошуках адваката і арганізаваць незалежнае назіраньне за ходам справы ў судзе.