Алесь Бяляцкі стаў ганаровым грамадзянінам Генуі
Муніцыпалітэт гораду Генуя надаў старшыні Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесю Бяляцкаму ганаровае грамадзянства. Італьянская грамадскасць такім чынам выказала сваю занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі, у прыватнасці, наяўнасцю смяротнага пакарання, абмежаваннем свабоды СМІ, грамадзянскіх і палітычных правоў, і падтрымку беларускім праваабаронцам.
Ганаровае пасведчанне беларускаму праваабаронцу ўручыла мэр Генуі Марта Вінцэнзі (Marta Vincenzi). На цырымоніі ўганаравання, якая праходзіла 15 ліпеня ў Палацы Турсі, прысутнічала грамадскасць Генуі, дэпутаты італьянскага парламенту, журналісты, моладзь.
Алесь Бяляцкі зазначае, што для яго гэта ганаровае званне - знак падтрымкі як незарэгістраванага ПЦ “Вясна”, так і ўсіх беларускіх праваабаронцаў і змагароў за дэмакратыю ў краіне.
Сапраўды, гэта выключная падзея для беларусаў. Ганаровае грамадзянства Генуі надаецца аднаму чалавеку на год. Гэтага статусу ў розныя гады ўдастойваліся такія вядомыя ва ўсім свеце асобы, як экс-прэзідэнт Польшчы, лаурэат Нобелеўскай прэміі свету Лех Валенса (1990), экс-прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў (1996), двойчы прэм’ер-міністр, прэзідэнт Ізраіля лаурэат Нобелеўскай прэміі свету Шымон Пэрэс (1998).
Што датычыцца Беларусі, то ў гэтым рэчышчы адразу ўзгадваецца імя вядомага спецыяліста ў галіне радыяцыйнай медыцыны, доктара медыцынскіх навук, прафесара Юрыя Бандажэўскага. Сусветна вядомы навуковец у 2003 годзе быў абвешчаны ганаровым грамадзянінам Парыжу.