Інмакулада Гансалес: “Тукам падчас арышту страціў 40 кілаграмаў вагі”
Позна ўвечары 15 ліпеня галкіпер нарвежскай каманды па футзалу IOF Гі Франсуа Тукам дабраўся да Іспаніі. Урэшцэ завяршыўся паўтарамесяцовы бязглузды арышт чалавека, які не здзейсьніў аніякага злачынства.
Ягоная сяброўка Інмакулада Гансалес ўначы даслала ліст праваабаронцам:
“Дарагія сябры! Нарэшце! Гі Франсуа Тукам быў адпушчаны сёньня, і прыляцеў у наш дом у Валенсіі.
Я хацела б павіншаваць Вас за выдатную працу, якую вы зрабілі, і ад шчырага сэрца падзякаваць за дапамогу, вас і вашых партнёраў.
Яшчэ па тэлефоне ён распавёў, што страціў 40 кілаграмаў вагі і што самае горшае для яго было пад час арышту - недахоп вады. Яшчэ раз дзякуй, і памятайце, што я хачу супрацоўнічаць з Вамі. Моцна цалую. INMA.
Жывуць правы чалавека!”
Нагадаем што грамадзяніна Камеруна Гі Франсуа Тукама, які меў від на жыхарства Іспаніі, 1 чэрвеня затрымала памежная служба аэрапорту “Мінск-2” па падазрэнні ў падробцы пашпарту. Увесь гэты час за яго вызвалентне і вяртаньне змагалася ягоная іспанская сяброўка Інмакулада Гансалес.
У справе арышту Тукама, на жаль, застаюцца пытаньні, якія патрабуюць калі не вырашэньня, дык хоць асэнсаваньня. Напрыклад, як паведамілі ў амбасадзе Камеруна у Маскве, дакументы аб спраўджваньні асобы Тукама і сапраўднасці ягонага пашпарту былі адпраўлены менскім памежнікам 28 чэрвеня. Няўжо так доўга дастаўляецца афіцыйная пошта? Незразумела таксама, калі адбыўся суд над камерунцам, які вынес рашэньне аб дэпартацыі і якім чынам быў сплочаны штраф.
Аднак, спадзяемся, што час раставіць усе недастаючыя кропкі над “і”.
Іншыя матэрыялы па тэме:
Чаму галкіпер нарвежскага клуба ІOF Тукам больш за месяц сядзіць на Акрэсціна?
Справа Гі Франсуа Тукама: у актыве – адказ амбасады, квіткі, грошы, у пасіве – нары на Акрэсціна
Дзяўчына арыштаванага камерунскага футбаліста плануе пікет на Акрэсціна