Зачыстка перад «Славянскім базарам»: у Віцебску затрыманыя браты Каваленкі
Вечарам 8 ліпеня ў Віцебску быў затрыманы актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргей Каваленка.
Як паведаміла БелаПАН яго маці Лідзія Каваленка, Сяргея затрымалі каля 21.00 побач з іх домам супрацоўнікі міліцыі.
Паводле слоў жанчыны, якая пры гэтым прысутнічала, міліцыянеры нічога не растлумачылі. Лідзія Каваленка не выключае, што яе сына могуць абвінаваціць у тым, што ён нібыта нецэнзурна лаяўся ў адрас супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
Дзе зараз знаходзіцца Сяргей, пакуль невядома. Маці імкнецца высветліць месцазнаходжанне сына і мяркуе, што, хутчэй за ўсё, яго змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.
Жанчына таксама паведаміла, што сёння, 9 ліпеня, адбудзецца суд над другім яе сынам, Віталем Каваленкам.
Яго абвінавачваюць у тым, што ён нецэнзурна выказваўся на адрас супрацоўніка міліцыі.
Такім чынам, лічыць Лідзія Каваленка, улады хочуць ізаляваць яе сыноў ад грамадства на час правядзення у Віцебску фестывалю «Славянскі базар», які адкрываецца сёння ўвечары.
Сяргей Каваленка з пачатку 2010 года неаднаразова затрымліваўся міліцыяй за арганізацыю розных акцый. У маі суд Кастрычніцкага раёна Віцебска прыгаварыў яго да трох гадоў пазбаўлення волі умоўна за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай ёлцы Віцебска 7 студзеня. Гэты ўчынак быў кваліфікаваны ўладамі як «наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць яўную непавагу да грамадства».