viasna on patreon

Івана Крука асудзілі, нават не дапытаўшы сьведкі

2010 2010-07-07T10:29:28+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ivan_kruk.jpg
Іван Крук

Іван Крук

Астравецкаму актывісту Івану Круку прысудзілі 1 мільён 50 тысяч рублёў штрафу за паклёп падчас выбарчай кампаніі на чыноўніка з райвыканкаму.

Іван Крук падчас выбарчай кампаніі пісаў скаргу ў абласную камісію ад імя свайго выбарца Ўладзімера Маскевіча на кіраўніка спраў райвыканкаму Міхаіла Зімніцкага.

Маскевіч сьцьвярджаў, што Зімніцкі прымусіў яго адмовіцца ад подпісу, пастаўленага за вылучэньне ў кандыдаты Івана Крука. Потым, са слоў Крука, пад ціскам Зімніцкага Маскевіч падпісаўся пад новым лістом, у якім сьцьвярджалася, што ніякага ціску не было. І тады прадстаўнік раённай вэртыкалі падаў у суд на Івана Крука за паклёп.

На першае паседжаньне суду не прыйшоў сам Зімніцкі, а сёньня не было галоўнага сьведкі - Маскевіча. Але справу разгледзелі і безь яго. Іван Крук хадайнічаў, каб суд дапытаў іншых сьведак, якія прыйшлі ў суд, але ў гэтым яму было адмоўлена:

“Я лічу, што суд адбываўся па заранёў падрыхтаваным сцэнары. Ну чаму сёньня на працэсе не было галоўнага і адзінага сьведкі? Бяруцца пад увагу толькі паказаньні зацікаўленага боку, вось і ўсё”.

У залі суду сёньня знаходзіліся Мікалай Уласевіч і Людміла Шушко, якія таксама вылучаліся падчас выбарчай кампаніі кандыдатамі ў дэпутаты раённага савету. Як яны кажуць, іх не зарэгістравалі з гэткіх жа прычын, як і Івана Крука. Гэтымі абставінамі яны зьбіраліся падзяліцца з судзьдзём, але той не захацеў іх выслухаць.

Мікалай Уласевіч уражаны тым, як адбываўся сёньня суд. Зь яго слоў, нават неюрысту было відаць, што суд вядзецца на карысьць Зімніцкага, і судзьдзя сам дапамагаў скаржніку фармуляваць, у чым той бачыць паклёп Івана Крука:

“Яны добра ведаюць пра тое, што трэба абараніць ня столькі гэтага Зімніцкага, колькі сыстэму фальсыфікацыі выбараў, якая існуе ня толькі ў нашым раёне. На іхні погляд, мы зрабілі самую страшную справу, заявіўшы, што такія, як Зімніцкі, робяць фальсыфікацыі”.

Людміла Шушко сказала, што ёй было сорамна сядзець у залі суду і яна выйшла. Зь яе слоў, падчас выбарчай кампаніі яе не зарэгістравалі з тых самых прычын. Потым яна аб'яжджала людзей і пыталася, чаму тыя сьведчылі, што ня ставілі за яе подпісы. Аказалася, што людзі першы раз пра гэта чуюць:

“Я наагул ня вытрывала і выйшла з залі. Бо твар райвыканкаму ў асобе Зімніцкага - гэта ня твар райвыканкаму. Жудасная рэч, што ён казаў. Нават тое, што нібыта Крук зьбіраў подпісы ад выбарцаў за бутэльку гарэлкі. Я ня ведаю, чаму Крук не падаў адразу ў суд за паклёп. Гэта проста жах, як Зімніцкі прыніжаў Крука”.

Іван Крук заявіў, што зьбіраецца абскарджваць рашэньне Астравецкага раённага суду.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства