У Балгарыі разгледзелі справы затрыманых беларусаў
2 ліпеня адбыўся разгляд справаў затрыманых у Балгарыі грамадзянаў Беларусі - Аляксандра Міхайлоўскага і Аляксея Латыша. Затрыманыя маюць статус палітычных уцекачоў у Польшчы і знаходзяцца пад юрыдычнай аховай Польшчы.
Аляксею Латышу часовы арышт працягнуты на 40 дзён. Аляксандр Міхайлоўскі вызвалены з-пад варты, але знаходзіцца пад паліцэйскім наглядам і цягам 20-ці дзён не можа пакінуць Балгарыі. “Я знаходжуся ў вышуку за апазіцыйную дзейнасць. Польскі суд разглядаў маю справу і прызнаў мне статус уцекача, а зараз я мушу тое самае даводзіць у Балгарыі” – кажа Аляксандр Міхайлоўскі:
- Я паказаў, што маю пры сабе ўсе арыгінальныя паперы, што маю статус уцекача. Консул дадаў тлумачэнні на балгарскай мове, пастанову польскага суда п маёй справе. Яны не звярнулі на гэта ўвагі, я вольны да суда, які будзе разглядаць справу аб тым, ці вяртаць мяне ў Беларусь. Зараз яны чакаюць нейкія паперы ад КДБ Беларусі.
Паколькі затрыманыя беларусы маюць статус уцекача ў Польшчы, справу адсочвае амбасада Польшчы ў Балгарыі. Як паведаміў консул Войцех Галонзка, затрыманым аказваецца юрыдычная дапамога:
- Маем пастанову польскага суда адносна Аляксандра Міхайлоўскага, якому адменены арышт, і чакаем неабходныя паперы на Аляксея Латыша, які атрымаў арышт да сарака дзён.
Як паведаміў польскі консул у Балгарыі Войцех Галонзка, рашэнне балгарскага суда па справе экстрадыцыі затрыманых беларусаў чакаецца ў панядзелак.