Пракуратуру і МУС цікавіць, як працуе charter97.org
Першы дзень указа аб цэнзуры ў Інтэрнэце адзначыўся допытам вядомай журналісткі Наталлі Радзінай.
На 1 ліпеня журналіста сайта charter97.org Наталлю Радзіну выклікалі ў следчы аддзел пракуратуры горада Менску. Допыт праводзілі намеснік начальніка следчага аддзела пракуратуры Віктар Фешчанка і намеснік начальніка Упраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій МУС РБ (Упраўлення «К») Ігар Пармон.
Радзінай паведамілі аб узбуджэнні крымінальнай справы «ў дачыненні невядомых асоб, якія распаўсюдзілі загадзя ілжывыя звесткі ў сетцы Інтэрнэт». Гаворка ідзе пра публікацыю на сайце charter97.org каментароў чытачоў да артыкула «Цкаванне» ў стылі 1937 года», у якім ішла гаворка аб адмове ўдзельнікаў вайны ў Афганістане браць юбілейныя медалі з рук Аляксандра Лукашэнкі. Журналістцы паведамілі, што па дадзенай крымінальнай справе яна праходзіць пакуль як сведка.
Фешчанку і Пармона цікавіла, у першую чаргу, як працуе сайт charter97.org, як адбываецца яго адміністраванне, дзе знаходзіцца рэдакцыя сайта і дзе ён зарэгістраваны.
«Ім абодвум я паведаміла, што сайт charter97.org зарэгістраваны ў ЗША, і калі яны хочуць знайсці яго ўладальнікаў і адміністратараў, хай звяртаюцца ў Інтэрпол. Задавалася шмат тэхнічных пытанняў, мабыць, для гэтага і запрасілі намесніка начальніка Упраўлення «К». Указ аб цэнзуры Інтэрнэта ўступіў у сілу, і пераслед папулярнага рэсурса навін працягнуўся з новай сілай. За апошнія тры месяцы гэта ўжо чацвёрты выклік мяне на допыт. Супраць сайта charter97.org распачатыя дзве крымінальныя справы, у нас канфіскавана ўся тэхніка. Дарэчы, тэхніку так і не вярнулі, а за збіццё мяне пры ператрусе нікога не пакаралі. Які пасля гэтага можа быць давер да пракуратуры, калі ёю пакрываюцца злачынныя дзеянні міліцыянтаў? Але мяне ўсё роўна здзіўляе, што супрацоўнікі пракуратуры і МУС замест раскрыцця сур'ёзных злачынстваў марнуюць свой працоўны час на допыты журналістаў», - заявіла Наталля Радзіна пасля допыту.
Па словах журналісткі, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў улады спрабуюць знішчыць свабоду слова ў краіне канчаткова. «Я ведаю, што сёння ў следчы аддзел КДБ выклікалі на допыт журналістку «Народнай Волі» Марыну Коктыш. Сёння ж пракуратура вынесла папярэджанне журналістцы «Радыё Свабода» Любові Лунёвай. Але я перакананая, што спробы запалохаць мяне і маіх калегаў ні да чаго не прывядуць. Зламаць нікога не ўдасца. Беларускія ўлады ж дэманструюць усяму свету свой страх перад свабодным словам», - адзначыла Радзіна.