На гомельскага сябра ініцыятыўнай групы А. Мілінкевіча Мікалая Калюку адміністрацыя аказвае ціск і пагражае звальненьнем з працы
У Гомелі сябра ініцыятыўнай групы А. Мілінкевіча, старшага бугальтара Савецкага аддзяленьня "Белінвэстбанку" Мікалая Калюку папярэдзілі, што не працягнуць зь ім працоўнага кантракту, калі ён будзе надалей працаваць у камандзе апазыцыйнага палітыка.
"Каля 5-й гадзіны ўвечары да мяне дамоў зайшоў начальнік управы службы ўласнай бясьпекі, так ён назваўся, спадар Прыгодзіч. Пачаў з таго, што вось вы, Мікалай Мікалаевіч, на бальнічным, а да нас паступіла інфармацыя, што вы ў гэтую нядзелю агітавалі за Мілінкевіча", -- распавёў сп.Калюга радыё Свабода. У адказ ён патлумачыў госьцю, што за Мілінкевіча не агітаваў, а зьбіраў подпісы. Прыгодзіч адзначыў, што сваімі дзеяньнямі сябра ініцыятыўнай групы наносіць урон іміджу банку, і нагадаў працоўны кантракт заканчваецца ў красавіку і яго могуць не працягнуць. Таксама быў прапанаваны іншы варыянт удзелу ў выбарчай кампаніі -- агітацыя за Лукашэнку. "Можа, тады вы пяройдзеце ў галаўны філіял, там заробак будзе вышэйшы, кар'ерны рост", – паабяцаў спадар Прыгодзіч.
Кіраўнік Савецкага філіялу "Белінвэстбанку" Іван Барычэўскі адмаўляе ўціск на зборшчыка подпісаў: "Ніхто нікога не запалохвае. З чалавекам пагаварылі, таму што на бальнічным чалавек быў. Бачылі яго, што ён дзесьці там подпісы зьбіраў. А што – ты на бальнічным ці ў вольны час подпісы зьбіраў? Больш размоваў, чым гэтай справы".
Пра наведваньне сваёй кватэры прадстаўніком службы ўласнай бясьпекі банку Мікалай Калюка паведаміў у Цэнтральную выбарчую камісію. Прадстаўнік юрыдычнай службы камісіі Глеб Хмялёў паведаміў спадару Калюку, што накіруе ягонае паведамленьне ў пракуратуру дзеля праверкі паведаміла радыё Свабода.