Суд над Крысьцінай Шацікавай зноў перанесены
Сёньня ў Кастрычніцікім райсудзе Магілёву зноў разглядалася справа аб распаўсюдзе газеты «Наш дом». Працяг разгляду прызначаны на 28 чэрвеня.
Суд аднавіў разгляд адміністрацыйнай справы грамадскай актывісткі Крысьціны Шацікавай, якую вінавацяць у незаконным распаўсюдзе незарэгістраванай газеты «Наш дом» па ч. 2 арт. 22,9 КаАП.
Новая судзьдзя Натальля Крашкіна на пачатку паседжаньня выдаліла з судовай залы праваабаронцу Валера Шчукіна, якому на першым судзе ў траўні дазволілі быць прадстаўніком Шацікавай. Судзьдзя Раман Касьцюк, які пачынаў разгляд справы і адправіў матэрыялы на дапрацоўку ў міліцыю сышоў у адпачынак. Тады ў пратаколах не хапала пісьмовых тлумачэньняў, якія актывістка давала адразу ж пасьля свайго затрыманьня. Паводле Шацікавай, гэтых тлумачэньняў у матэрыялах справы няма і зараз.
Сёньня падчас паседжаньня судзьдзя дапытала сьведкаў-міліцыянтаў, якія затрымлівалі Крысьціну 4 траўня. Яны не змаглі падцьвердзіць факт распаўсюду актывісткай незалежнага выданьня, адзначылі толькі, што побач з ёй каля пад'езду дома знаходзіліся 6 закрытых вялізных пакункаў. Міліцыянт Андрэй Шамаценка, які дапрацоўваў пратакол, на судзе не прысутнічаў, бо знаходзіцца ў Менску на вучобе. Каб дапытаць яго працяг судовага паседжаньня судзьдзя перанесла на панядзелак на 9-40.
Выданне «Наш дом» — незарэгістраванае. Мінінфармацыі адмовілася разглядаць дакументы аб яго рэгістрацыі, і цяпер яго заснавальнікі спрабуюць абскардзіць гэтае рашэньне. Выданьне, аднак, друкуецца ў Смаленску, і ўжо не аднойчы яго затрымлівала міліцыя на тэрыторыі Беларусі.