Гомельскі аблвыканкам "прыняў да ведама" заяву гомельскай гарадской арганізацыі ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" ад 12.01.2006, якая тычылася пазбаўлення акрэдытацыі карэспандэнткі БелаПАН Алены Пасканнай.
Як паведаміла прэс-служба БАЖу, гэта адзінае, што гаворыцца ў пісьмовым адказе за подпісам начальніка ўпраўлення ідэалагічнай працы выканкама Анатоля Кацілы. 21 студзеня на просьбу прадстаўнікоў БАЖ пракаментаваць гэткі лаканічны адказ і паведаміць, што канкрэтна будзе зроблена для аднаўлення нармальных умоваў працы для журналісткі, сп. Каціла заявіў, што ён не абавязаны даваць тлумачэнні.
У афіцыйным паведамленні аб пазбаўленні А. Пасканнай акрэдытацыі, якое ў пачатку снежня мінулага года БелаПАН атрымаў ад намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама Пятра Кірычэнкі, гаварылася, што гэтае рашэнне прынятае "ў сувязі з парушэннем ёю ўстаноўленых правілаў акрэдытацыі".
А. Пасканная лічыць, што намер пазбавіць яе акрэдытацыі з'явіўся ў аблвыканкама пасля апублікавання ёй інфармацыі паводле прэс-рэлізу абласнога Камітэта дзяржкантролю па выніках праверак уборкі зерневых у гаспадарках вобласці. Пасля гэтага А. Пасканнай перасталі паведамляць пра мерапрыемствы, якія праводзіць аблвыканкам, а потым не дапусцілі на сустрэчу віцэ-прэм'ераў Беларусі і Украіны, спаслаўшыся на "частковае" пазбаўленне акрэдытацыі. Прэс-сакратар аблвыканкама Яўген Пабалавец заявіў ёй, што на некаторыя мерапрыемствы яе будуць запрашаць, а на некаторыя - не, і што аблвыканкам сам вырашае, каго акрэдытоўваць.
Алена Пасканная лічыць, што аблвыканкам выкарыстоўвае акрэдытацыю як спосаб абмежавання доступу журналістаў недзяржаўных СМІ да афіцыйнай інфармацыі.