Магілёў: Сацыяльнаму форуму адмовілі ў арэндзе памяшканьня
https://spring96.org/be/news/34518
2010
2010-06-23T17:10:42+0300
2010-06-23T17:10:42+0300
1970-01-01T03:00:00+0300
be
https://spring96.org/files/images/sources/zabarona1.jpg
Арганізатарам чацьвёртага сацыяльнага форуму адмовілі ў арэндзе памяшканьня. Форум меўся адбыцца блізу Магілёва ў гасьцінічным комплексе "Родник".
Пра адмоўнае рашэньне паведаміў праз тэлефон аднаму з арганізатараў Ігару Каваленку прадстаўнік адміністрацыі прадпрыемства "Магатэкс", якому належыць комплекс:"Ён сказаў мне, што адмовілі нам у арэндзе з тэхнічных прычын. Там правялі агляд і выявілі нейкія праблемы. Дваццаць хвілінаў таму іх не было. Я завозіў туды матэрыялы для правядзеньня форуму. Ён меўся пачацца 25 чэрвеня і скончыцца 27-га. Знайсьці іншае памяшканьне нерэальна за такі кароткі час. Буду зьвяртацца ў аблвыканкам. На форум мы запрашалі прадстаўнікоў адміністрацыі прэзыдэнта, палаты прадстаўнікоў, а таксама абласной вэртыкалі. З палаты прадстаўнікоў нібыта меліся прыехаць некалькі дэпутатаў. Акрамя таго, зьбіраюцца быць і замежныя госьці", паведаміў "Свабодзе" Ігар Каваленка.
Як кажа Каваленка, на парадку дня форуму былі тры пытаньні: "Аб рэформе аховы здароўя", "Аб больш важкім удзеле няўрадавых арганізацыяў у грамадзкім жыцьці", а таксама "Аб стварэньні грамадзкай рады, якая б спрыяла вырашэньню актуальных сацыяльных праблемаў".
Два першыя сацыяльныя форумы праходзілі ў Менску. Трэці летась адбыўся ў тым самым гасьцінічным комплексе "Родник" пад Магілёвам. У ім узялі ўдзел і чыноўнікі абласной вэртыкалі. Скончыўся гэты форум дэмаршам чыноўнікаў. Яны сышлі, ня вытрымаўшы крытычных выказваньняў на свой адрас з боку іншых удзельнікаў форуму.