Вымушаны гуманізм
Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу ўхваліў законапраект «Аб амністыі ў сувязі з 65-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў». Па амністыі з папраўчых устаноў закрытага тыпу можа быць вызвалена каля 2 230 чалавек, з устаноў адкрытага тыпу — каля 900 чалавек, скарочаны тэрмін пакарання 9 300 асуджаным. Улады штораз прэзентуюць амністыю як акт гуманізму. Але за адваротным бокам медалю хаваецца не толькі намер даць яшчэ адзін шанец асуджаным.
Беларусь па колькасці зняволеных на 100 тысяч насельніцтва займае другое месца ў Еўропе пасля Расіі, а ў свеце — трэцяе-чацвёртае. У дэпартаменце выканання пакаранняў МУС Беларусі не хаваюць, што цяпер практычна кожны сёмы грамадзянін, які пражывае на тэрыторыі Беларусі, наўпрост або ўскосна звязаны з турмой — ці сам адбываў пакаранне, ці сваякі адбываюць. Да слова, сярэдні тэрмін пазбаўлення волі ў нас таксама адзін з самых высокіх у Еўропе — 6,3 гады. Статыстыка выразна паказвае, што амністыя — гэта яшчэ (ці найперш?) і спосаб крыху зменшыць перапоўненасць пенітэнцыярных устаноў. <...>
Паводле законапраекту, пад вызваленне ад крымінальнай адказнасці і пакарання трапляе шэраг катэгорый асуджаных, сярод якіх — непаўналетнія, цяжарныя жанчыны; жанчыны і адзінокія мужчыны, якія маюць непаўналетніх дзяцей; асобы пенсійнага ўзросту; інваліды; хворыя на актыўную форму сухотаў; ВІЧ-інфікаваныя; ветэраны баявых дзеянняў; удзельнікі ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС, а таксама асобы, якія атрымалі раненні пры выкананні абавязкаў у перыяд праходжання службы. <...>
Эксперты і праваабаронцы ўмовы ўтрымання ў беларускіх турмах называюць блізкімі да катавання. Так, прадстаўнік ААН/ПРААН у Беларусі Антоніус Брук заявіў, што ў нашай краіне няма ніводнай турмы, якая б цалкам адпавядала стандартам Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па інфекцыйным кантролі. Дыпламат выказваў шкадаванне і з нагоды таго, што ў беларускіх турмах ніколі не праводзіліся даследаванні па пытаннях гвалту, у тым ліку сексуальнага.
Да прыкладу, у Расіі даследаванні паказалі, што больш за 40 працэнтаў зняволеных зведваюць сексуальны гвалт. Спецыялісты ўпэўненыя, што айчынныя «зоны» не з’яўляюцца піянерскім лагерам паводле ўнутраных правілаў жыцця вязняў. Але публічна гаварыць аб іх праблемах улады не гатовыя, прыкрываючы непрыемныя факты адгаворкамі, што турма — не зона адпачынку, і мусіць у чалавека, які туды патрапіў, выклікаць адпаведныя пачуцці.