Слухайце штотыднёвую праваабарончую праграму “Людзьмі звацца!” на хвалях Радыё Рацыі
Кожны аўторак у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Радыё Рацыя” - праграма “Людзьмі звацца!”, якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека на Беларусі.
Праграма складаецца з чатырох паасобных рубрык: “Хроніка пераследу”, “Падзея тыдня”, “Інтэрвію са змагаром за дэмакратычныя каштоўнасьці” і “Захаваем жыцьцё”.
Час выхаду праграмы ў эфір – 15-05. Таксама ў гэты час яе можна слухаць праз інтэрнэт. Сайт: http://www.racyja.com/pages/listen.html
Сёння, 22 чэрвеня, у чарговым выпуску праграмы “Людзьмі звацца!” слухачоў чакаюць агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека, у якой прадстаўлены найбольш гучныя факты перасьледу за мінулы тыдзень.
У рубрыцы “Падзея тыдня” гаворка пойдзе пра умовы ўтрыманьня ў Менскім следчым ізалятары ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, які на знак пратэсту абвесьціў галадоўку. У зьвязку з гэтым Міжнародная федэрацыя правоў чалавека і Праваабарончы цэнтр “Вясна” 18 чэрвеня выступілі з сумеснай заявай, у якой патрабуюць ад уладаў Беларусі неадкладна аказаць неабходную медыцынскую дапамогу палітвязьню.
Летнія вакацыі студэнты разглядаюць ня толькі як час адпачынку. Для адных - гэта магчымасьць паспрабаваць сябе на прафесійным попрышчы, а хтосьці імкнецца пашырыць кола сваіх ведаў. Прынамся, магчымасьцяў для гэтага сёньня хапае ў розных накірунках. Не стала выключэньнем і галіна правоў чалавека. Актыўная моладзь штогод запрашаецца да ўдзелу ў праваабарончых летніках і школах. Адзін з такіх праектаў - Летняя школа па правах чалавека для моладзі, што праводзіцца ў Вільні. Каардынатар навучальнага праекту Тацяна Рэвяка распавядзе, па якім крытэры праводзіцца набор удзельнікаў Школы і што чакае тых, хто прайшоў конкурс.
Завершыць праграму рубрыка “Захаваем жыцьцё”, у якой прадстаўлены апошнія падзеі, зьвязаныя з кампаніяй за адмену сьмяротнага пакараньня ў Беларусі.
У музычных паўзах – кампазіцыі з альбому "Я нарадзіўся тут".
Радыё Рацыя – першае незалежнае інфармацыйна-забаўляльнае FM-радыё ў Польшчы на беларускай мове. Галоўнай мэтай Беларускага Радыё Рацыя з’яўляецца стварэнне грамадзянам Беларусі доступу да незалежнай інфармацыі аб падзеях і развіцці сітуацыі ў Беларусі, Польшчы, Еўропе ды свеце.