viasna on patreon

Гістарычны цэнтр пад пагрозай поўнага вынішчэння

2010 2010-06-11T13:55:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

10 чэрвеня адбыўся сумесны брыфінг старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры і жыхароў дома 32 па вул. Рэвалюцыйнай ў г.Мінску. Жыхарам дома пагражае адсяленне з кватэр, якія знаходзяцца ў іх прыватнай уласнасці, а дому, помніку архітэктуры 19 ст. − знішчэнне з наступным узвядзеннем на яго месцы новага камерцыйнага аб’екта, што стала апошнімі гадамі правілам у Гістарычным цэнтры Мінска.

На брыфінгу, перад прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі агучана заява Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры і пазіцыя жыхароў дома 32 і суседніх дамоў па вул. Рэвалюцыйнай адносна сітуацыі ў гістарычным цэнтры і дзеянняў чыноўнікаў у дачыненні да помнікаў Гістарычнага цэнтра Мінска і да лёсу,  праблем шэраговых мінчукоў.

Па агульнаму меркаванню, дзеянні Мінгарвыканкама ў дачыненні да помнікаў гістарычнага цэнтра і простых беларускіх грмадзян, якія жывуць у гэтай унікальнай прасторы не толькі антызаконныя, але і амаральныя па сваёй прыродзе.

Актывіст Руху “За Свабоду” , старшыня БДТАПГК спадзяецца, што сумесныя намаганні дазволяць вырашыць комплекс культуралагічных і сацыяльных праблем, якія назапашваюцца ў гістарычным анклаве нашай сталіцы дзейнасцю тых, хто па сваіх службовых абавязках павінен іх вырашаць у строгай адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.

Па выніках брыфінгу БДТАПГК прыняло заяву, у якой адзначаецца, што дзейнасць сталічных уладаў па так званай рэканструкцыі гістарычнага цэнтра сталіцы супярэчыць арт. 9; 10; 37 Закона “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”, іншым нарматыўна-прававым актам і нават рэгламенту самога Мінгарвыканкама.  Прычым, парушэнні адбываюцца зглдна з дазваляльнай дакументацыі Мінгарвыканкама і яго ўпаўнаважаных падраздзяленняў, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Рашэнне Мінгарвыканкама ад 17 снежня 2009 г. № 3003 “Аб пераводзе жылога дома № 32 па вул. Рэвалюцыйнай у нежылы” парушае  п/п. 1.9.2 п. 3.2.2.1 Асноўных палажэнняў дэтальнага плана рэканструкцыі, рэстаўрацыі, узнаўлення і добраўпарадкавання Гістарычнага цэнтра горада Мінска, якія прадугледжваюць для дома № 32 па вул. Рэвалюцыйнай змешаны тып выкарыстання – жылую плошчу і размяшчэнне на першых паверхах аб’ектаў сацыяльна-пабытовага прызначэння.

Адсяленне дома і закрыццё яго на так званы капітальны рамонт ці рэканструкцыю прывядзе да знішчэння дадзенага помніка архітэктуры, як гэта адбылося з домам па вул. Рэвалюцыйная, 17, які быў зруйнаваны ва ўгоду бізнэс інтарэсам для ўзвядзення офіснага комплексу.

У заяве адзначаецца, што Рэвалюцыйная 12, 14, 24-а, 17, 32, шматлікія іншыя будынкі гістарычнага цэнтра, вул. Гандлёвая, бернардынскі кляштар, плошча Свабоды, 15, і яшчэ, яшчэ яшчэ, - усё гэта ці зруйнавана, ці пад пагрозай. Ніякіх станоўчых зменаў, нягледзячы на гучныя дэкларацыі, поўная адсутнасць жадання структурных зменаў.

Старшыня БДТАПГК заяўляе, што гістарычны цэнтр Мінску, як помнік горадабудаўніцтва, знаходзіцца на мяжы поўнага знішчэння і заклікае сказаць рашучае “НЕ” забойцам нацыянальнай памяці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства