viasna on patreon

Праваабарончы цэнтр “Вясна” Маніторынг выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 2006 год

2005 2005-11-10T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

1. Абвяшчэньне выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Пастановай Палаты прадстаўнікоў ад 16 снежня 2005 г. выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у адпаведнасьці з ч. 3 арт. 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, п. 1 арт. 23 і ч. 1 арт. 56 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь прызначаныя на 19 сакавіка 2006 года.

Згодна з ч. 3 арт. 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і ч.1 арт. 56 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначаюцца Палатай прадстаўнікоў не пазней як за пяць месацаў і праводзяцца ў нядзелю не пазней як за два месяцы да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў папярэдняга Прэзідэнта. Зыходзячы з таго, што паўнамоцтвы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнкі заканчваюцца 20 верасня 2006 г. (паводле Канстытцыі Рэспублікі Беларусь са зменамі і дапаўненнямі, прынятымі на рэферэндуме 1996 г.), апошняй датай абвяшчэньня выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з’яўлялася 20 красавіка 2006 году, а апошняй магчымай датай правядзення выбараў -- 16 ліпеня 2006 г. (нядзеля).

Варта адзначыць, што прызначэнне выбараў адбывался ў атмасферы таемнасці, без належнай дыскусіі і абмеркавання ў грамадстве. Пры гэтым улады праводзілі актыўную папярэднюю падрыхтоўку да правядзення выбарчай кампаніі ўвесну 2006 года. Пра гэта сведчыць і той факт, што ў дзень абвяшчэння даты выбараў – 16 снежня – адбылося паседжанне Цэнтральнай камісіі, на якім адразу былі прынятыя каляндарны план выбарчай кампаніі, смета расходаў на арганізацыю выбараў, некалькі пастановаў, датычных пэўных этапаў выбарчай кампаніі..

Такім чынам, Палата прадстаўнікоў прыняла Пастанову аб прызначэнні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у адпаведнасьці з дзеючае заканадаўства краіны, аднак правядзенне выбараў у сакавіку 2006 года зрабіла выбарчую кампанію даволі нечаканай для беларускага грамадства (робіць кампанію вельмі хуткаплыннай) і стварыла няроўныя умовы для магчымых кандыдатаў.

2. Праблема законнасці ўдзелу ў выбарах у якасці кандыдата дзеючага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі

Пытанне законнасці ўдзелу у выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь кандыдата А. Лукашэнкі як да так і пасля абвяшчэння выбараў з’яўляецца дыскусійным для вялікай часткі беларускага грамадства.

Варта нагадаць, што 7 верасня 2004 г. прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнка выдаў Указ № 431 “Аб прызначэнні рэспубліканскага рэферэндуму”. Згодна з дадзеным Указам, на рэферэндум было вынесенае наступнае пытанне: “Ці дазваляеце вы першаму Прэзідэнту Рэспублікі Лукашэнку А.Р. удзельнічаць у якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь у выбарах прэзідэнта і ці прымаеце частку першую артыкула 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у наступнай рэдакцыі: “Прэзідэнт абіраеццца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на падставе ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры таемным галасаванні?”.

Шэраг вядучых беларускіх юрыстаў, грамадскіх і палітычных дзеячоў адразу ж заявілі пра неадпаведнасць вынесенага на рэферэндум пытання некаторым палажэнням Канстытуцыі і Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Так, вызначаная фармулёўка наўпрост супярэчыла п.2 ч. 3 арт. 112 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, згодна з якім на рэспубліканскі рэферэндум не могуць выносіцца пытанні, звязаныя з абраннем і вызваленнем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Змены ў арт. 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, прынятыя ў выніку правядзення рэферэндуму 2004 г., надзялілі асабіста грамадзяніна Беларусі А. Лукашэнку прывелеем балатавацца на ўсіх выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь без усялякіх абмежаванняў. Гэта супярэчыць арт. 22 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які гаворыць аб роўных правах усіх грамадзянаў краіны без выключэнняў. Акрамя таго, пытаньне, вынесенае на рэферэндум 17 кастрычніка 2004 г., супярэчыла арт. 8 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь”.

Нягледзячы на вострую дыскусію ў грамадстве і неадназначнасць меркаванняў, якія выказваліся адносна рэферэндуму (прадмету плебісцыту), Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь устрымаўся ад прававой ацэнкі пытання, вынесенага на рэферэндум. Разам з тым Венецыянская камісія Савету Еўропы ў сваім заключэнні прыйшла да высноваў, што ў пэўнай часцы пытанне, вынесенае на рэферэндум, наўпрост супярэчыць Выбарчаму кодэксу Рэспублікі Беларусь і ўтрымлівае незаконныя прывелеі для аднаго чалавека.

Акрамя таго, правядзяеньне самога рэферэндуму (у тым ліку галасаванне і падлік галасоў) выклікала вялікую крытыку з боку незалежных назіральнікаў. Так, Праваабарончы цэнтр “Вясна” у выніку праведзенага маніторынгу канстатаваў, што выбары дэпутатаў і галасаванне на рэферэндуме не адпавядалі беларускаму выбарчаму заканадаўству, міжнародным стандартам дэмакратычнасці, празрыстасці і галоснасці выбарчага працэсу.

Варта адзначыць, што пасля правядзення выбараў і рэферэндума 17 кастрычніка 2004 г. Рада па агульных пытаннях і знешніх адносінах Еўрапейскага Саюзу прыняла рашэнне забараніць уезд на тэрыторыю ЕС старшыні Цэнтральнай камісіі Лідзіі Ярмошынай у сувязі са значнымі парушэннямі і фальсіфікацымі, дапушчанымі падчас правядзення выбараў і рэферэндуму.

Зыходзячы з таго, што зьмены ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, прынятыя на рэферэндуме 17 кастрычніка 2004 года, як і сам рэферэндум, у выніку якога яны былі ўнесеныя, мелі незаконны характар, удзел А. Лукашэнкі ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь у выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь носіць нелегітымны характар.

3. Грамадска-палітычная сітуацыя напярэдадні выбараў

Грамадска-палітычная сітуацыя ў краіне напярэдадні выбараў заставалася вельмі напружанай і пагаршалася па меры набліжэння да пачатку выбарчай кампаніі.
Улады Беларусі выканалі (прадпрынялі) шэраг мераў па абмежаваньні дзейнасці палітычных партый краіны, няўрадавых арганізацый, незалежных сродкаў масавай інфармацыі.

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2005 годзе значна пагоршылася ў параўнаньні з папярэднімі гадамі. У 2005 годзе працягваліся арышты палітычных апанентаў дзеючага рэжыму, у тым ліку прыцягненне да крымінальнай адказнасьці па палітчных матывах. У месцах пазбаўлення волі знаходзяцца шасьцёра палітыкаў: Мікола Статкевіч, Павел Севярынец, Андрэй Клімаў, Міхаіл Марыніч, Сяргей Скрабец, Валеры Леванеўскі. Варта адзначыць, што трое з асуджаных палітыкаў удзельнічалі ў кампаніі па выбарах прэзідэнта 2001 года ў якасці прэтэндэнтаў у кандыдыты – гэта Міхаіл Марыніч, Сяргей Скрабец і Валерый Леванеўскі. Пра намер удзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі 2006 года заяўляў Мікалай Статкевіч. Тая акалічнасць, што гэтыя людзі перад кампаніяй па выбарах прэзідэнта аказаліся ізаляванымі, сведчыць пра адкрытую зачыстку магчымых прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду дзеючай уладай. На пачатку выбарчай кампаніі ўзбуджана некалькі крымінальных справаў супраць прадстаўнікоў моладзевых дэмакратычных арганізацыяў.

Вялікую занепакоенасьць грамадскасці краіны выклікалі чарговыя захады ўладаў, скіраваныя супраць незалежных друкаваных СМІ. У краіне істотна абмежаваная свабода слова, уведзена жорсткая цэнзура, манапалізаваныя электронныя СМІ. За час пасля папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў колькасць незалежных грамадска-палітычных выданняў у беларускіх рэгіёнах зменшылася больш чым у тры разы. У тым ліку, з 2004 года зачыніліся 20 рэдакцыяў незалежных газет. Адзін з апошніх удараў па незалежных друкаваных СМІ адбыўся напрыканцы 2005 году, калі ў падпісны каталог не былі ўключаныя шаснаццаць рэспубліканскіх і рэгіянальных газет, яны былі пазбаўленыя магчымасці распаўсюду праз “Белпошту” і “Саюздрук”. Адна з вядучых недзяржаўных газет краіны, “Народная воля”, на працягу апошняга года пастаянна падвяргалася разнастайным формам уціску, у тым ліку праз грамадзянскія судовыя зыскі з неабгрунтавана высокімі грашовымі патрабаваннямі.

Такім чынам, напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі грамадзяне краіны аказаліся канчаткова пазбаўленыя магчымасці атрымліваць альтэрнатыўную інфармацыю. Трэба адзначыць, што ўсё гэта адбываецца на фоне няспыннай татальнай дзяржаўнай прапаганды, узмацнення гэтак званай “ідэалагічнай” працы. Дадзеныя факты, безумоўна, аказваюць істотны ўплыў на кампанію па выбарах прэзідэнта, ствараюць няроўныя ўмовы паміж патэнцыйнымі кандыдатамі і А. Лукашэнкам.

У 2005 годзе ўлады ўзмацнілі кантроль над грамадствам. На прадпрыемствах, у навучальных установах асаблівая ўвага надаецца ідэалагічнай працы. Вялікая ўвага надаецца кантролю над студэнтамі і іншай моладдзю.
Так, 23.05.2005 г. Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь распаўсюдзіла сярод дырэктароў школаў і адміністрацый ВНУ краіны ліст “Аб мерах па недапушчэнні спробаў уцягвання вучняў і студэнтаў у супрацьпраўную дзейнасць палітычнага кшталту”. Нягледзячы на тое, што ліст выйшаў пад грыфам “для службовага карыстання”, ён стаў галосным для грамадскасці. У гэтым лісьце Міністэрства адукацыі прапановала ўзмацніць ідэалагічну працу і “зрабіць усё магчымае, каб у студэнцкіх аўдыторыях не было месца для антыдзяржаўнай рыторыкі і крытыканцтва”. Выкладчыкам прапаноўвалася таксама “аказваць пазітыўнае ўздзеянне на фармаванне палітычных поглядаў і светаўспрыманне вучняў і студэнтаў, а па ўсіх выпадках удзелу вучняў і студэнтаў у несанкцыянаваных мерапрыемтствах, якія праводзяцца апазіцыйнымі арганізацыямі, правадзіць службовыя расследванні, забяспечыць іх прынцыповую ацэнку, прыймаць меры выхаваўчага ўздзеяння, у тым ліку -- адлічэнне з ліку навучэнцаў і студэнтаў асобаў, якія ўдельнічалі ў несанкцыянаваных мерапрыемствах”.
У 2005 годзе былі зафіксаваныя некалькі выпадкаў адлічэння студэнтаў і навучэнцаў з навучальных установаў па палітычных матывах, узмацніўся ціск КДБ на моладзевых актывістаў, у тым ліку па месцы працы і вучобы.

На працягу 2005 года ў Беларусі былі ўнесены змены ў дзеючае заканадаўства і прынятыя новыя законы, якія яшчэ больш узмацнілі ціск на апанентаў дзеючай улады. Так, уступілі ў дзеянне новыя рэдакцыі Законаў Рэспублікі Беларусь “Аб грамадскіх аб’яднаннях” і “Аб палітычных партыях”. Палажэнні гэтых Законаў сур’ёзна абмежавалі існаванне няўрадавых арганіацый і дзеючых дэмакратычных палітычных партый, магчымасці стварэння новых партыяў і НПА. Асабівую ўвагу ўлады скіравалі ў 2004-2005 гг. На рэгіянальныя структуры палітычных партый. Міністэрства юстыцыі і яго абласныя упраўленні запатрабавалі ад палітычных партый перарэгістраваць рэгіянальныя структуры, юрыдычныя адрасы якіх знаходзіліся у жылым фондзе (прыватных дамах і кватэрах). Паколькі знайсці новыя адрасы ў нежылым фондзе ў вызначаныя Мінюстам тэрміны было амаль немагчыма, шмат рэгіянальных структур партый былі ліквідаваныя ўпраўленнямі юстыцыі аблвыканкамаў. Так, напрыклад Партыя БНФ пазбавілася каля 90 сваіх рэгіянальных структур, ПКБ – каля 120, БСДП(Г) – каля 60. Трэба адзначыць, што згодна з Выбарчым кодэксам, накіроўваць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі палітычныя партыі маюць права толькі пры наяўнасці ніжэйшых арганізацыйных структур. Такім чынам, перад кампаніяй па выбарах прэзідэнта палітычныя партыі былі пазбаўленыя такіх магчымасцяў у многіх рэгіёнах.

Найбольшы рэзананс у грамадстве атрымалі змены у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб унутраных войсках”, які надзяліў прэзідэнта правам аддаваць загад на ўжываньне зброі, новы Закон Рэспублікі Беларусь “Аб прадухіленні экстрэмізму” і Закон Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні зменаў ў Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы Рэспублікі Беларусь”. Згодна з гэтымі зменамі, Крымінальны кодэкс дапоўніўся артыкулам 193.1, які прадугеджвае крымінальную адказнасць за арганізацыю дзейнасці альбо ўдзел у дзейнасці незарэгістраваных палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў, рэлігійных арганізацый ці фондаў, і артыкулам 369.1, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь (перадача замежнай дзяржаве, замежнай ці міжнароднай арганізацыі загадзя ілжывай інфармацыі пра палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае, ваеннае ці міжнароднае становішча Рэспублікі Беларусь). Прадстаўнікі афіцыйных уладаў адкрыта казалі, што дадзеныя змены у Крымінальным кодэксе прынятыя ў сувязі з будучай выбарчай кампаніяй. Старшыня КДБ генерал Сцяпан Сухарэнка ў сваіх інтэрвью не хаваў палітычнага характару зменаў. Так, ён, у прыватнасці, адзначыў, што змены прыймаліся пад канкрэтных асобаў і на дзень “чэкістаў” (20 снежня 2005 г.) варта чакаць першых судовых працэсаў. Закон аб унясенні зменаў у Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы ўступіў у сілу 1 студзеня 2006 года.

Ужо зараз можна канстатаваць, што ўлады перад кампаніяй па выбарах прэзідэнта 2006 года ўзялі на ўзбраенне тактыку запалохвання, ціску і адкрытага палітычнага пераследу апанентаў дзеючага рэжыму, што, безумоўна, адыграе адмоўную ролю. Правядзенне адкрытых, галосных, празрыстых і справядлівых выбараў у атмасферы страху і татальнага кантролю над грамадствам ужо зараз з’яўлецца амаль неверагодным.

4. Рэгістрацыя ініцыятыўных груп

Парадак рэгістрацыі ініцыятыўных груп грамадзянаў па вылучэнні кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь рэгулюецца арт. 61 Выбарчага кодэксу і рашэннямі Цэнтральнай камісіі.
Згодна з арт. 61 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, вылучэнне кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь грамадзянамі ажыццяўляецца ініцыятыўнай групай выбаршчыкаў колькасцю не меньш за 100 чалавек.
Спіс сяброў ініцыятыўнай групы з указаннем яе кіраўніка падаецца ў Цэнтральную выбарчую камісію не пазней як за 85 дзён да выбараў асобай, якая мае намер вылучацца кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. У спісе ўказваецца прозвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэння, прафесія, пасада (занятак), месца працы і месца жыхарства, партыйнасць асобы, якая прапануецца для вылучэння кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, а таксама прозвішча, імя, імя па бацьку, дата нараджэння, месца жыхарства кожнага сябры ініцыятыўнай групы.
Цэнтральная камісія ў пяцідзённы тэрмін разглядае заявы, рэгіструе ініцыятыўную групу і выдае сябрам ініцыятыўнай групы пасведчанне і падпісныя лісты для збору подпісаў выбаршчыкаў. У рэгістрацыі ініцыятыўнай групы адмаўляецца ў выпадку парушэння патрабаванняў Выбарчага кодэкса. Адмова ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы можа быць абскарджана ў трохдзённы тэрмін у Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь ініцыятыўнай групай (скарга павінна быць падпісана большасцю яе складу). Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь разглядае скрагу ў трохдзённы тэрмін.
Парадак прадастаўлення дакументаў аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп рэгулюецца таксама Пастановай Цэнтральнай камісіі ад 16.12.2005 г. № 34 “Аб растлумачэнні прымянення палажэння ч.2 арт. 61 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае прадстаўленне дакументаў для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы пры правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2006 г.”.

Згодна з Пастановай Цэнтральнай камісіі, а таксама Календарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, зацверджаным Цэнтральнай камісіяй, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія маюць намер вылучацца кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, павінны былі прадставіць заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп і спісы сябраў групы не пазней 23 снежня 2005 г. уключна.

23 снежня дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп у Цэнтральную камісію падалі грамадзяне А.Вайтовіч, С. Гайдукевіч, А. Казулін, А. Лукашэнка, А. Мілінкевіч, З. Пазняк, С. Скрабец і В.Фралоў.

На паседжанні Цэнтральнай камісіі, якое адбылося 27.12.2005 г., было разгледжанае пытанне аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні ўказаных грамадзянаў у якасці кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Камісія разглядзела пададзеныя заявы і прыняла рашэнне зарэгістраваць усе ініцыятыўныя групы.

Пры гэтым у спісах сябраў ініцыятыўных груп А.Вайтовіча, В.Фралова, А.Мілінкевіча былі выяўленыя асобы, якія не валодаюць выбарчым правам (па адным непаўнагадовым у спісах кожнага з трох прэтэндэнтаў). Рашэнне аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы А. Мілінкевіча было прынята з пунктам аб недапушчальнасці парушэння выбарчага заканадаўства, якое выразілася ў правядзенні перадвыбарчай агітацыі да рэгістрацыі А. Мілінкевіча ў якасьці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Цэнтральная камісія заявіла, што валодае інфармацыяй з г. Мінску і шэрагу рэгіёнаў краіны пра тое, што на іх тэрыторыі распаўсюджваюцца друкаваныя матэрыялы з агітацыяй за А. Мілінкевіча. Трэба адзначыць, што распаўсюд якой небудзь друкаванай прадукцыі не пад час выбарчай кампаніі не рэгулюецца палажэннямі Выбарчага кодэкса і адпаведна не з’яўляюцца яго парушэннем

У спісах сябраў ініцыятыўнай групы С. Скрабца Цэнтральная камісія ў ходзе праверкі выявіла асобаў, якія не ведалі пра іх уключэнне у ініцыятыўную групу. Аднак камісія прыняла рашэнне пра рэгістрацыю дадзенай ініцыятыўнай групы. Трэба адзначыць, што на момант падачы заявы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы С. Скарабец знаходзіўся пад вартай у СІЗА г. Мінска па абвінавачанні ў парушэнні шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Аднак паколькі С. Скрабец не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці судом, ён не страціў актыўнага выбарчага права.

Найбольшую палеміку сябраў Цэнтральнай камісіі выклікала пытанне аб магчымасці рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь старшыні КХП-БНФ Зянона Пазняка. Справа ў тым, што З. Пазняк з 1996 года не пражывае (фізічна не знаходзіцца) на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, ён атрымаў палітычны прытулак у ЗША. Пры вырашэнні гэтага пытання меркаванні сябраў Цэнтральнай камісіі падзяліліся, але большасць (7 чалавека -- “за”, 3 -- “супраць”) прагаласавалі за рэгістрацыю ініцыятыўнай групы гэтага прэтэндэнта. Сваё рашэнне Цэнтральная камісія матывавала рашэннем Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь “ Аб прававой пазіцыі Канстытуцыйнага суда адносна паняцця “грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнні”, якое выкарыстоўваецца ў арт. 80 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь” ад 19 чэрвеня 2001 г.
Канстытуцыйны суд прыйшоў да высновы, што паколькі З. Пазьняк не афармляў дакументаў на сталае жыхарства за мяжой, мае беларускае грамадзянства, прапіску ў г. Мінску, з’яўлецца кіраўніком зарэгістраванай у Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь партыі КХП-БНФ, ён мае права балатавацца на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. На падставе гэтага рашэння Цэнтральная камісія зарэгістравала ініцыятыўную групу па вылучэнні З. Пазняка кандыдатам у Прэзідэнты на выбарах 2001 года, а паколькі з таго часу прававы стан прэтэндэнта не змяніўся, Цэнтральная камісія прыняла рашэнне аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэнні З. Пазняка на выбарах Прэзідэнта 2006 года.

Самая вялікая па колькасці ініцыятыўная група па вылучэнні кандыдатам у Прэзідэнты, зарэгістраваная Цэнтральнай камісіяй, з’яўляецца група А. Лукашэнкі. Узначаліў яе В. Шэйман, на той момант -- кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. Пасля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэнні А. Лукашэнкі В. Шэйман пайшоў у адстаўку са сваёй пасады, нягледзячы на тое, што Выбарчы кодэкс не ўтрымлівае абавязацельстваў па вызваленні ад сваіх пасадаў на час кампаніі кіраўнікоў ініцытыўных груп. Гэтым крокам улады хацелі падкрэсліць, што ўсе асобы, якія прапануюцца для абрання, валодаюць роўнымі магчымасцямі. Аднак трэба адзначыць, што магчымасці выкарыстання адміністратыўнага рэсурсу дзеючым прэзідэнтам А. Лукашэнкам носяць неабмежаваны характар, а бясконцая прапаганда ў дзяржаўных СМІ робіць шанцы астатніх прэтэндэнтаў у кандыдаты вельмі абмежаванымі.

Разам з тым, у ч.1 арт. 77 Выбарчага кодэкса ўтрымліваецца патрабаванне, каб пасля рэгістрацыі кандыдаты ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь (акрамя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які балатуецца на другі тэрмін) былі вызвалены ад сваіх службовых абавязкаў да дня выбараў без захавання заробку. А. Лукашэнка балатуецца на трэці тэрмін, які дадзеным артыкулам Выбарчага кодэкса не прадугледжаны наогул, адпаведна, ён таксама павінен на час кампаніі быць вызвалены ад сваіх абавязкаў. Дадзеная акалічнасьць яшчэ раз падкрэслівае супярэчанні паміж Выбарчым кодэксам і вынікамі мінулагодняга рэферэндуму.

Высновы:

1. Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначаныя Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у тэрміны, прадугледжаныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і дзеючым выбарчым заканадаўствам.
2. Удзел у выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнкі мае нелегітымны характар.
3. Рэгістрацыя ініцыятыўных груп у цэлым адбылася ў адпаведнасці з дзеючым выбарчым заканадаўствам.
4. Выбары адбываюцца ва ўмовах інфармацыйнай ізаляцыі грамадзян краіны, татальнай прапаганды з боку дзяржаўных СМІ, адміністратыўнага ціску, адкрытага палітычнага пераследу апанентаў рэжыму з боку ўладаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства