Газэта "Новы час" атрымала папярэджаньне Мінінфармацыі
Цягам двух дзён у рэдакцыю прыйшлі два лісты. Адзін — з Міністэрства інфармацыі, другі — з Міністэрства гандлю.
На думку галоўнага рэдактара «Новага часу» Аляксея Караля, такая ўвага з боку дзяржаўных органаў да выдання — прадвеснік будучых выбараў.
У чацвер, 10 чэрвеня, у рэдакцыю «Новага часу» прыйшло папярэджанне ад Міністэрства інфармацыі. У папярэджанні гаворыцца пра недакладнасці ў выходных дадзеных выдання — адсутнасці імя па бацьку галоўнага рэдактара, адсутнасць штрых-кода і назвы дзяржаўнага органу кіравання ў сферы масавай камунікацыі.
А ўжо ў пятніцу ў рэдакцыю прыйшоў ліст з Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусі, у якім рэдакцыю вынавацяць у парушэнні п.4,6 артыкула № 10 закона «Аб рэкламе». У лісце з Міністэрства гандлю адзначаецца, той факт, што 14 траўня ў газеце была надрукаваная рэклама тэлеканалу «Белсат TV» без указання найменавання, рэквізітаў ліцэнзіі рэкламадаўцы і яго ўліковага нумара плацельшчыка.
У дачыненні да рэдакцыі «Новага часу» Міністэрства гандлю склала пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні.
Нагадаем, што 14 чэрвеня ў Гродна будуць судзіць грамадскага актывіста Зміцера Бандарчука, якога вінавацяць у «спробе распаўсюду» газеты «Новы час».