Віталя Каваленку аштрафавалі на 105 тысяч рублёў, як і брата-апазыцыянэра
Судзьдзя Першамайскага райсуду Віктар Калбун агучыў рашэньне, згодна зь якім Віталь Каваленка прызнаны вінаватым у дробным хуліганстве. Такое самае пакараньне прысуджана 7-га чэрвеня Сяргею Каваленку.
Абодва браты спрабавалі пераканаць суд, што 8 траўня, калі на іх склалі пратаколы за нецэнзурную лаянку, ніякага правапарушэньня зь іхнага боку не было. Супрацоўнікі міліцыі сустрэлі братоў у краме «Веста» № 145 і адразу загадалі ехаць у пастарунак.
Сьведка-гандлярка сказала ў судзе, што падзеяў таго дня ня памятае. А сьведкі-міліцыянты заявілі, што факт хуліганства быў.
На думку віцебскага актывіста Сяргея Каваленкі, які не аднойчы быў пакараны штрафамі і арыштамі за акцыі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, іх з братам затрымалі прэвэнтыўна: каб нацыянальныя сьцягі не залуналі ў Віцебску падчас сьвяткаваньняў Дня Перамогі. Ноч з 8-га на 9-га траўня братоў пратрымалі пад вартай у пастарунку, раніцай накіравалі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, а 10-га ў абед адпусьцілі дахаты.
Суд над братамі Каваленкамі распачаўся 24-га траўня, а скончыўся толькі сёньня. Хлопцы лічаць, што судзьдзя не сьпяшаўся з рашэньнем і вынес адносна мяккі прысуд, бо ўжо не было патрэбы «ізаляваць» іх на «суткі».