viasna on patreon

Дэйвід Крэмэр: Наша мэта — зьмяніць паводзіны рэжыму

2010 2010-06-10T09:28:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kremer.jpg

Мы папрасілі пракамэнтаваць падаўжэньне санкцый ЗША супраць службовых асобаў Беларусі Дэйвіда Крэмэра, былога памочніка дзяржсакратара ЗША па правах чалавека, дэмакратыі і працы ў адміністрацыі прэзыдэнта Джорджа Буша, якая гэтыя санкцыі ўвяла.

Радыё Свабода: Спадар Крэмэр, пасьля падаўжэньня санкцый прэзыдэнтам Баракам Абамам яшчэ на год Міністэрства замежных справаў Беларусі заявіла, што яны "надуманыя і адарваныя ад жыцьця". І яшчэ Менск сказаў, што гэтыя санкцыі "безвыніковыя і канфрантацыйныя". Ці вы пагаджаецеся з гэткай ацэнкай зь Менску?

Дэйвід Крэмэр: Я моцна падтрымліваю рашэньне прэзыдэнта падоўжыць гэтыя санкцыі. Санкцыі былі накладзеныя ў 2006 годзе з-за адносінаў беларускага ўраду да сваіх уласных грамадзянаў. Некаторыя з гэтых санкцый былі адмененыя ў адказ на вызваленьне ў 2008 годзе міжнародна прызнаных вязьняў сумленьня. Але адносіны беларускага ўраду да свайго насельніцтва працягваюць быць жорсткімі і зьняважлівымі, што тычыцца правоў чалавека. Таму я думаю, што прэзыдэнт прыняў правільнае рашэньне, і я ўхваляю яго. Мы надалей ня маем амбасадара у Менску, бо Беларусь выдварыла яго ў 2008 годзе. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі ведае, што яму трэба зрабіць, каб палепшыць адносіны з ЗША і Захадам — тпакончыць з уціскам правоў чалавека і лібэралізаваць грамадзкае жыцьцё. Аднак я баюся, што сытуацыя ў Беларусі будзе пагаршацца з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў. Так што я, безумоўна, не пагаджаюся з ацэнкай міністра Сяргея Мартынава.

Радыё Свабода: Менск разглядае ануляваньне санкцый як абавязковую ўмову аднаўленьня дыялёгу з Вашынгтонам. Верагодна, гэта таксама азначае, што пакуль гэтыя санкцыі ня будуць адмененыя, датуль ня ўзновяць нармальнай працы абедзьве амбасады, пэрсанал якіх паменшаны ўзаемнымі скарачэньнямі два гады таму. Як вы ўяўляеце ўзнаўленьне нармальных адносін паміж Менскам і Вашынгтонам?

Дэйвід Крэмэр: Давайце ўдакладнім адну рэч. Гэта нашага амбасадара выкінулі зь Менску першым. Мы былі прымушаныя паменшыць штат нашай амбасады з больш чым 30 чалавек да пяці. Мы адказвалі на крокі Менску так, як адказаў бы кожны іншы ўрад. Так што гэта не былі ўзаемныя захады, а вымушаныя захады з нашага боку. Гэтая акцыя была ініцыяваная рэжымам Лукашэнкі. Каб выправіць гэтыя рэчы, рэжым у Менску павінен перастаць уціскаць сваё насельніцтва. Злучаныя Штаты падтрымлівалі намаганьні Эўразьвязу далучыць рэжым да дыялёгу і супрацоўніцтва, але на такое далучэньне рэжым павінен адказваць крокамі ў кірунку рэфармаваньня і лібэралізацыі палітычнай сыстэмы. Мы заўсёды ставілі гэтае пытаньне вельмі выразна. Вызваленьне палітычных вязьняў было толькі адным з такіх крокаў, хоць і вельмі важным. Па-мойму, Эўразьвяз таксама павінен быў захаваць некаторыя санкцыі супраць Беларусі. Але, на жаль, Эўразьвяз адмяніў усе свае санкцыі супраць Менску праз два тыдні пасьля несумленных парлямэнцкіх выбараў. У выніку, ціск на рэжым Лукашэнкі быў паслаблены, і цяпер маем сытуацыю, у якой ЗША ўтрымліваюць большасьць сваіх санкцый супраць Менску, а Эўразьвяз — не. Мне хацелася б, каб падыход Вашынгтону і Брусэлю быў больш узгоднены. Я спадзяюся, што гэтай восеньню, разглядаючы адносіны зь Беларусьсю, Эўразьвяз зможа вярнуць ранейшыя санкцыі супраць Менску.

Радыё Свабода: Спадар Крэмэр, а ці вы асабіста верыце, што прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка можа зьмяніць свае палітычныя паводзіны больш-менш так, як гэтага чакае Вашынгтон?

Дэйвід Крэмэр: Я адношуся да гэтага хутчэй за ўсё скептычна і сумняваюся, што ён можа зьмяніцца. Але ён безумоўна мае нагоду, каб гэта зрабіць. І калі б ён зьмяніў свае паводзіны, дык Злучаныя Штаты былі б гатовыя ўзнавіць зь ім адносіны. Палітыка санкцый, уведзеных пры адміністрацыі прэзыдэнта Буша, была прыдуманая не дзеля таго, каб зьмяніць рэжым, а каб зьмяніць паводзіны рэжыму. Гэта важнае адрозьненьне. Так што толькі ад Лукашэнкі залежыць, ці трэба яму мяняць адносіны да свайго народу. Я ня ўпэўнены, ці ён так зробіць, але калі б ён зьмяніў, дык я магу сказаць, што Злучаныя Штаты былі б гатовыя адказаць на гэта станоўчым чынам.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства