У Пінску працягваецца пераслед Алеся Рамановіча
Сябра Партыі БНФ з Пінску Алесь Рамановіч паведаміў, што на працягу трох апошніх дзён супрацоўнікі КДБ і міліцыі рознымі спосабамі спрабуюць даставіць яго ў ГАУС. Пры гэтым да апошняга яны спасылаліся на адміністратыўную справу, у якой Рамановіч фігуруе як падазраваны, аднак афіцыйную позву на патрабаванне актывіста ўпарта не дасылалі. І ён нікуды ўпарта не ішоў. І сёння позву яму, нарэшце, уручылі.
У позве ўказана, што сёння, 9 чэрвеня, Алесь павінен з’явіцца ў 15.00 да ўчастковага інспектара міліцыі Русіна і выклікаецца ён у якасці абвінавачанага па адміністратыўнай справе.
Ціск на актывіста з боку міліцыі і КДБ пачаўся яшчэ ў красавіку, калі на кватэры яго знаёмага быў праведзены ператрус з канфіскацыяй перыёдыкі, літаратуры, вінчэсцераў з кампутараў.
- Пасля гаспадара кватэры некалькі разоў выклікалі ў міліцыю і праз яго ўчастковы прасіў, каб я падыйшоў таксама. Але я адказаў, што без позвы не пайду, каб той яму так і перадаў, - узгадвае А.Рамановіч.
Літаральна гэтымі днямі спецслужбы ізноў з’явіліся на гарызонце. Алесь распавёў, што ў панядзелак, 7 чэрвеня, бліжэй да 22.00, калі вяртаўся з лецішча дадому, да яго пад’ехала машына серабрыстага колеру. З машыны выйшаў супрацоўнік КДБ, якога Рамановіч бачыў не ўпершыню - ён прысутнічаў пры красавіцкім ператрусе і некалькі разоў “выпадкова” сустракаў актывіста ў горадзе. Як распавёў Алесь, супрацоўнік КДБ сказаў, што “прыехаў паглядзець, як тут жывеце”, у размове даў зразумець, што ведае розныя падрабязнасці з жыцця яго сям’і, і падкрэсліў, што “так, усё ведаю, праца ў мяне такая”.
Пасля ён прапанаваў Рамановічу сесці ў машыну і праехаць.
- Я запытаўся, ці ёсць у яго нейкая пастанова, ордэр, позва. Адказаў, што нічога няма. Я адказаў, што нікуды не паеду. А ён мне: “А я вас магу і так затрымаць, маю права”. Па-першае, вы такога права не маеце, кажу, а па-другае, я яшчэ маю права на адваката, дасылайце позву, і я прыйду з адвакатам, калі што. Не, вы сядайце, настойваў ён. І тут якраз вярталася з лецішча мая маці. Я ёй крыкнуў, што мяне забіраюць. Маці пачала лямантаваць, выйшаў сусед. Пад ціскам маці і суседа ён з’ехаў, - распавядае А.Рамановіч.- Перад гэтым ён патэлефанаваў па мабільнаму, відаць, у міліцыю. Сказаў, маўляў, ён ужо дома, прыязджайце, назваўшы мой адрас.
Калі прыехалі супрацоўнікі міліцыі, Алесь Рамановіч ужо зачыніўся ў доме. Па яго словах, хвілін 15 яны хадзілі каля хаты, пастаялі каля зачыненай каліткі і з’ехалі. Увечары яму ізноў ператэлефанаваў супрацоўнік КДБ. З размовы з ім Рамановіч даведаўся, што на яго адрас нібыта дасылаліся дзве позвы, але ён праігнараваў іх. Актывіст сцвярджае, што насамрэч ніякіх позваў яму не прыходзіла.
На наступны дзень, 8 чэрвеня, супрацоўнік КДБ на серабрыстай машыне ізноў “дзяжурыў” ля дома Рамановічаў. А сёння на гарадскім рынку ён у прысутнасці двух міліцыянтаў уручыў Алесю позву.
- Калі б мяне хацелі прыцягнуць да адказнасці па адміністратыўнай справе, то прычым тут КДБ, я не разумею ў такім выпадку, - здзіўляецца А.Рамановіч. - І са словаў камітэтчыка атрымліваецца, што я не з’яўляўся па позвах, таму яны і прыязджалі да мяне. Але гэта поўная бязглуздзіцца, бо КДБ не займаецца адміністратыўнымі справамі.
Алесь Рамановіч сказаў, што сёння намераны з’явіцца па позве да ўчастковага інспектара Русіна.