Аўтааматары зьвярнуліся ў прэзыдэнцкую адміністрацыю
1 чэрвеня аўтааматары перадалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта калектыўны зварот з патрабаваньнем перагледзець парадак фарміраваньня адпускных цэн канцэрну "Белнафтахім" на нафтапрадукты. Пра гэта паведаміў адзін з актывістаў кампаніі "Стоп-бензін" Канстанцін Міхайлаў. Менавіта "Белнафтахім" аўтааматары лічаць галоўным віноўнікам падаражаньня бэнзіну. З пачатку года канцэрн тройчы павышаў цэны на бэнзін, у цэлым больш чым на 15%.
З 1 па 4 чэрвеня ў шэрагу гарадоў Беларусі праходзіць акцыя аўтааматараў супраць павышэньня цэн на бэнзін на ўнутраным рынку. Яе ўдзельнікі маюць намер ігнараваць запраўкі канцэрна "Белнафтахім" ці ў знак пратэсту купляць не больш за два літры паліва.
У калектыўным звароце да Аляксандра Лукашэнкі аўтааматары падкрэсьліваюць, што "ў сваіх дзеяньнях канцэрн "Белнафтахім" кіруецца не рыначнай абстаноўкай, а выключна паняцьцем сваёй уласнай выгады". Яны таксама просяць растлумачыць мэханізм і сутнасьць працэсу фармаваньня адпускных цэн на нафту і нафтапрадукты, якія рэалізуюцца на запраўках рэспублікі, а менавіта на бэнзін і дызэльнае паліва.