viasna on patreon

Беларускія інтэрнет-карыстальнікі звярнуліся да Лукашэнкі з просьбай адмяніць указ №60

2010 2010-06-01T11:33:38+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ukaz-internet.jpg

Група беларускіх інтэрнет-карыстальнікаў звярнулася з адкрытым лістом да прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, у якім просіць адмяніць падпісаны ім 1 лютага 2010 года ўказ № 60 «Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнет».

Ліст прэзідэнту размешчаны на спецыяльна створаным сайце ukaz60.net. Падкрэсліваецца, што дадзены інтэрнет-рэсурс створаны «для прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблем і перспектыў развіцця нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнет. Сайт ні ў якім выпадку не нясе ў сабе якой-небудзь палітычнай падаплёкі».

Ініцыятары звароту нагадваюць, што ў красавіку Саўмін прыняў шэраг пастаноў, закліканых растлумачыць указ № 60, у прыватнасці пастанову № 644 ад 29 красавіка «Аб некаторых пытаннях удасканалення выкарыстання нацыянальнага сегмента глабальнай кампьютэрнай сеткі інтэрнет», пастанову № 646 ад 29 красавіка «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Правілы аказання паслуг электрасувязі» і іншыя.

Аднак, як падкрэсліваюць аўтары звароту, на гэты момант указ мае шэраг відавочных для актыўных інтэрнет-карыстальнікаў слабых месцаў.

Асноўная сутнасць праблемы — розныя прачытанні, і нават прадстаўнікі адказных структур не гатовы даць адказы на шэраг пытанняў.

У лісце адзначаецца, што разам з развіццём тэлекамунікацый у Беларусі ўказ выкліча адток капіталу, бо міжнародныя кампаніі, а таксама бізнес, які не мае дакладнай геаграфічнай прывязкі, будуць імкнуцца перанесці актывы за мяжу, каб не пацярпець з‑за розных прачытанняў.

Акрамя гэтага, адзначаецца, што рэгістрацыя дробных аб’ектаў (e-mail, паддамены) запатрабуе «каласальных праца- і часазатрат, несувымерных з меркаваным эфектам.

«Бясплатныя прафесійныя і аматарскія хостынгі ў Беларусі знішчаюцца ўказам (прыклад page.by).

А за імі стаяць працоўныя месцы і людзі. Бясплатныя хостынгі заўсёды былі адным з рухавікоў інтэрнетызацыі мас у Беларусі, у Расіі і свеце (narod.ru, ucoz.ru, blogspot.com і г.д.)», — канстатуюць аўтары калектыўнага звароту.

«З першага ліпеня беспарольныя Wi‑Fi пункты пастаўлены па-за законам, бо немагчыма праверыць пашпартныя дадзеныя тых, каго не бачыш. Для працягу прадастаўлення паслуг патрабуецца ліцэнзія. З першага ліпеня даванне доступу ў дамашнюю Wi-Fi сетку ўласным сябрам і гасцям робіцца незаконным», — падкрэсліваецца ў лісце.

Акрамя гэтага, паводле меркавання актывістаў, інтэрнет пазбаўляецца галоўнай перавагі — мабільнасці, даступнасці, хуткасці, бо нават для рэгістрацыі адрасу электроннай пошты спатрэбіцца працяглы тэрмін замест звычайных дзвюх хвілін.

На дадзены момант пад зваротам да кіраўніка дзяржавы падпісалася ўжо больш за 1.200 чалавек.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства