Гомельскім праваабаронцам не дазволілі акцыю з нагоды Міжнароднага дню абароны дзяцей
У Гомелі праваабаронцы Леанід Судаленка й Анатоль Паплаўны атрымалі адмовы ў правядзеньні мірнага сходу, прысьвечанага Міжнароднаму дню абароны дзяцей. Па меркаваньні гарадзкіх службоўцаў, грамадзкія актывісты не аплацілі паслугі міліцыі, мэдыцыны й санслужбаў.
- Ва ўсім сьвеце права на правядзеньне мірных сходаў грамадзянаў не зьяўляецца абсалютным і падлягае некаторым абмежаванням, якія ў абавязковым парадку павінны быць прадугледжаныя Законам і зьяўляцца неабходнымі для адной з законных паводле артыкулу 23 Канстытуцыі мэтаў. У прыватнасці, абмежаванне правоў і свабодаў асобы дапушчаецца ў інтэрасах нацыянальнай бяспекі, грамадзкага парадку, абароны маральнасці, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асобаў, - камэнтуе сытуацыю Анатоль Паплаўны.
Праваабаронцы падкрэсліваюць, што рашэньне гарвыканкаму, якім устаноўлены парадак правядзеньня мірных сходаў у Гомелі, у частцы вызначэння ў паўмільённым горадзе аднаго адзінага месца для іх правядзення і ўскладання абавязкаў па адплатным складаньні дамоваў з ворганамі правапарадку, мэдыцынаю й ўборкай тэрыторыі без сумневу супярэчыць ня толькі канстытуцыйным гарантыям на свабоду правядзеньня мірных сходаў, але й міжнародным абавязальніцтвам нашай краіны.
- Як можна правесці, напрыклад дэманстрацыю на гомельскім “бангалоры” (пляцоўка перад ДК “Віпра”), калі дэманстрацыя прадугледжвае, у першую чаргу, рух групы грамадзянаў па праезджай частцы вуліцы ў мэтах прыцягнення ўвагі да пэўных праблемаў? Альбо, напрыклад, вулічнае шэсце? Выклікае здьзіўленьне той факт, што рашэньне гарвыканкаму прайшло рэгістрацыю ў Нацыянальным рэестры праўных актаў, то бок тэза “жадаеш публічна выказаць сваё меркаваньне – плаці” фактычна набыла ў нашай краіне сілу закону, - абураецца А.Паплаўны.
У гэтай сувязі праваабаронцы адзначаюць, што, калі дзяржава накладае абмежаваньні на ажыцьцяўленьне права на свабоду правядзеньня мірнага сходу, гэтыя абмежаваньні не павінны ставіць пад пагрозу сам прынцып гэтага права. Пры накладаньні дапушчальных абмежаваньняў дзяржава павінна абгрунтаваць, чаму яны зьяўляюцца “неабходнымі” для дасягненьня адной з гэтых мэтаў.
- У выніку дзеяньня пазначанага рашэння ў Гомелі за апошнія пяць гадоў гарадзкія ўлады не дазволілі правесьці прадстаўнікам дэмакратычнае грамадзкасьці ніводнага з больш чым ста заяўленых мірных сходаў. І, наадварот, па ініцыятыве ўладаў у цэнтральных частках гораду сыстэматычна праходзяць масавыя мэрапрыемствы й пры гэтым ворганы міліцыі, мэдыцынская служба й ворганы санітарнай ачысткі гораду на бязвыплатнай падставе выконваюць свае абавязкі, - звяртае ўвагу праваабаронца.
Пагаршае сытуацыю той факт, што за правядзеньне мірных сходаў без дазволу ўладаў вызначана адказнасць. Арганізатары мірных сходаў могуць быць падвергнутыя буйному грашоваму штрафу (да 1,750 тыс. руб.) альбо адміністратыўнаму арышту тэрмінам да 15 сутак. Толькі за апошнія два гады ў Гомельскім рэгіёне суды больш за 40 разоў прыцягвалі актывістаў да розных адміністратыўных санкцыяў за спробы правядзеньня мірных сходаў без атрыманьня афіцыйных дазволаў на іх правядзеньне.
- Лічу, што гарадзкія ўлады паставілі пад пагрозу сам прынцып права на свабоду правядзеньня мірных сходаў грамадзянаў, а ў нашым канкрэтным выпадку права на свабоду яго правядзення без сумненьняў парушана. Мы плянуем гэта даказаць, у тым ліку, калі спатрэбіцца, ў Камітэце па правах чалавека ААН. Мясцовыя ўлады не пакінулі іншага выбару, акрамя як пачаць стратэгічную судовую цяжбу, накіраваную ня толькі на адмену рашэньня гарадзкіх уладаў, але й на змену Закона аб масавых мерапрыемствах у нашай краіне, - заявіў А.Паплаўны.
Толькі ў 2008-2009 гадах у Гомельскім рэгіёне за парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў грамадзкія й палітычныя актывісты прыцягваліся да адміністратыўных штрафаў каля 40 разоў - на суму звыш за 25 мільёнаў рублёў. Агулам актывісты адсядзелі больш за 100 сутак адміністратыўных арыштаў.