viasna on patreon

Грамадзянін Бельгіі скардзіцца ў суд на дзеянні беларускай міліцыі

2010 2010-05-27T17:33:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/boduen.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння, 27 траўня, грамадзянін Бельгіі Адрыен Бодуэн накіраваў у суд Маскоўскага раёна Менска скаргу на незаконныя дзеянні супрацоўнікаў раённага РУУСа. 17 траўня Адрыен разам з іншымі быў беспадстаўна затрыманы, калі прыйшоў на прагляд фільму ў памяшканне “Гістарычнай майстэрні” (філіял ММАЦ імя Іаганаса Рау), што па вул. Сухая, 25.

Малады чалавек абураны паводзінамі супрацоўнікаў міліцыі і ў скарзе паведамляе пра грубае парушэнне сваіх правоў:

“На патрабаванні прысутных прадставіцца і патлумачыць падставу забароны прагляду фільма і затрымання міліцыянты не рэагавалі. Пасля настойванняў праз некаторы толькі час адзін з міліцыйнтаў адказаў таму маладому чалавеку, які запытваўся на падставу, што ён нібыта падобен на злачынца. Але няўжо ўсе мы былі падобныя на злачынцаў? І чаму яны не патлумачылі прычыну адразу і ўсім? Я прадставіў свой пашпарт таму, хто даваў загады, ён пагартаў пашпарт і відавочна зразумеў, што я грамадзянін Бельгіі. Дакумент мне вярнуў.

Потым нас вывялі з памяшкання, даглядзелі на вуліцы рэчы і прымусілі выключыць ды схаваць мабільныя тэлефоны. Пры гэтым супрацоўнікі міліцыі пагражалі расправай, выказваліся ў наш адрас грубай нецэнзурнай лаянкай, абражалі, на нашыя патрабаванні прадставіцца і патлумачыць прычыну такіх паводзінаў не рэагавалі. <…>

У актавай залі РУУСа ў нас атабралі пашпарты, некаторых, у тым ліку і мяне, выводзілі на размову да таго, хто кіраваў затрыманнем і так і не прадставіўся. <…> Пасля мяне адвялі ў пакой, дзе без маёй згоды ўзялі адбіткі пальцаў, сфатрафавалі і знялі на відэа. Каля 22 гадзін мяне адпусцілі без тлумачэнняў і прабачэнняў.

Маім сябрам дзяжурны ў РУУСе адмаўляўся даваць інфармацыю адносна майго знаходжання там альбо давалі супярэчлівую інфармацыю, і толькі пасля майго вызвалення і настойлівых сістэматычных просьбаў паведаміў, што па пытанню майго затрымання можна звяртацца да Кірычука Андрэя Віктаравіча”.

Адрыен Бодуэн просіць суд, сярод іншага, прызнаць дзеянні супрацоўнікаў міліцыі незаконнымі, якія парушаюць яго правы і законныя інтарэсы, і абавязаць іх прынесці публічнае прабачэнне.

- Я скарджуся, паколькі я адчуваў, што ў маёй справе не было пашанавання міліцыі і што я быў затрыманы без прычыны. Я думаю, што ў любой краіне вельмі важна, каб міліцыя паважала законы дзяржавы, якую яна прадстаўляе. І я спадзяюся, што такія скаргі спрыяюць гэтаму. Як грамадзянін іншай краіны я магу прыцягнуць увагу іншых краінаў да таго, што адбываецца ў Беларусі: калі праваахоўныя органы парушаюць не толькі правы чалавека, але і свае законы, - зазначыў Адрыен. 

Копію скаргі ён таксама накіраваў у консульства Бельгіі ў Беларусі і амбасаду Бельгіі ў Маскве.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства