viasna on patreon

Дзіўны візіт міліцыянта да Андруся Крэчкі

2010 2010-05-24T15:49:52+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/krechka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Старшыня Моладзі БНФ Андрусь Крэчка паведаміў, што ўчора, 23 траўня, каля 22.00 да яго на кватэру наведаўся супрацоўнік міліцыі. З якой нагоды – высветліць не ўдалося.

Малады чалавек распавёў, што вырашыў не адчыняць дзверы, але званкі працягваліся  каля 10 хвілінаў. Тады агульныя дзверы ў тамбуры адчыніў сусед і ўпусціў міліцыянта да сябе ў кватэру. Андрусь бачыў усё гэта ў дзвярное вочка. Таксама хлопцу падалося падазроным, што тым часам пад пад’ездам стаяў невядомы чалавек у чорным, якога ён заўважыў з балкона.

- Міліцыянт пакінуў суседнюю кватэру хвілінаў праз сем. Сусед пасля мне распавёў, што яго цікавіла, з кім я жыву, чым займаюся і як мяне можна знайсці. Сусед адказаў, што нічога не ведае і міліцыянт сыйшоў, - дадае моладзевы актывіст.

Сёння Андрусь Крэчка спрабаваў высветліць мэту візіту міліцыянта:

- Адкуль гэты супрацоўнік міліцыі, я не ўяўляю. Сёння я тэлефанаваў у Савецкі РАУС па месцы свайго жыхарства, яны звязаліся з дзяжурнай часткай, дзе ім адказалі, што ніхто нічога не ведае. Таксама тэлефанаваў у апорны пункт, дзе таксама адказалі, што нічога не ведаюць.  

Андрусь асабіста не бачыць падставаў для цікавасці да яго асобы з боку праваахоўных органаў.

- Магчыма, гэта наведванне звязана з тым сюжэтам пра мяне, які якраз у гэты час паказвалі па БТ, - выказаў адзінае меркаванне моладзевы лідар.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства