Вялікі ператрус працягваецца: дзень другі (абнаўляецца)
11-00. Бялынічы: актывіст грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” Алег Мяцеліца затрыманы. Яго даставілі ў раённы аддзел міліцыі. Мяцеліца праз тэлефон паведаміў, што яго вінавацяць у тым, што ён распаўсюджваў на працоўным месцы друкаваную прадукцыю без выходных зьвестак. Позна вечарам 18 траўня адбыўся ператрус і ў бялыніцкага актывіста грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” Алега Мяцеліцы. Паводле яго, двое міліцыянтаў з Магілёва, адзін зь якіх быў у званьні маёра, пачалі ператрус у кватэры пасьля 22 гадзіны. Скончылі апоўначы. Як паведамілі Мяцеліцу суседзі, яго чакалі міліцыянты ад 19 гадзіны каля пад’езду. (Радыё “Свабода”)
11-55. Рэчыца: У памяшканьні, якое належыць рэчыцкаму праваабаронцу Валерыю Пуціцкаму, а таксама на яго кватэры сёньня адбываюцца ператрусы.
12-20. Рада РГА «Беларускі ПЭН-цэнтр» рашуча пратэстуе супраць масавых вобшукаў і затрыманняў актывістаў кампаніі «Гавары праўду», якія мелі месца 18 мая 2010 года. Адзначаем, што сярод арыштаваных і абшуканых ёсць пісьменнікі і журналісты. Мы разглядаем гэтую аперацыю як спосаб палітычнага ціску і запалохвання. Такія дзеянні парушаюць права грамадзянаў на свабоду выказвання — менавіта да вольнай і канструктыўнай крытыкі негатыўных з’яваў заклікала кампанія «Гавары праўду».Патрабуем неадкладнага вызвалення затрыманых. Звяртаемся да беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый з заклікам падтрымаць наш зварот.("Наша ніва")
12-35. Допыт Уладзімера Някляева скончыўся. Як распавяла адвакатка, хутчэй за ўсё Ўладзімера Някляева пакінуць у СІЗА.(Радыё “Свабода”)
13-01. Бялыніцкі актывіст грамадзянскай ініцыятывы “Гавары праўду” Алег Мяцеліца на волі. Супрацоўнікі раённага аддзелу міліцыі Бялынічаў абшукалі ягоную машыну. На экспэртызу толькі забралі адзін асобнік газэты “Наш дом”. Агляд машыны доўжыўся паўтары гадзіны.(Радыё “Свабода”)
18-30.Ворша: дапыталі Алеся Шутава і Сяргея Каржова. Іх выклікалі ў Аршанскі гарадзкі аддзел міліцыі дзе паведамілі, што зь Менску паступіла распараджэньне дапытаць актывістаў у якасьці сьведкаў. Паводле старшыні Аршанскай гарадзкой філіі Партыі БНФ Алеся Шутава, якую канкрэтна справу дасьледуюць міліцыянты, ім не сказалі. Толькі задалі шэраг пытаньняў, адказы на якія загадана пераслаць у Менск. Пытаньні былі ў тым ліку і такія: «Што вам вядома пра кампанію «Гавары праўду», «Ці распаўсюджвалі вы нейкую інфармацыю ад імя кампаніі?», «Ці атрымлівалі вы ад кампаніі „Гавары праўду“ грашовыя ўзнагароджаньні?» (Радыё “Свабода”)