Алесь Бяляцкі: Трэба прыняць усе меры для спынення эскалацыі напружанасці ды істэрыі, ствараемай уладамі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў
На пачатку году Праваабарончы цэнтр “Вясна” прагназаваў узмацненне хвалі рэпрэсіяў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Але тады яшчэ праваабаронцы не маглі прадбачыць, улады пойдуць на крымінальны пераслед альбо рэпрэсіі будуць мець прыхаваны характар. У якім рэчышчы развіваецца сітуацыя? Сваю ацэнку падзеям апошніх тыдняў дае кіраўнік ПЦ “Вясна”, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі.
Праваабаронца адзначае, што прагнозы наконт таго, што 2010 год будзе складаны ў плане захавання правоў чалавека ў Беларусі, спраўджваюцца. І найперш гэта звязана з дзвюма палітычнымі кампаніямі: выбары ў мясцовыя саветы прайшлі і сітуацыя плаўна перайшла у рэчышча прэзідэнцкіх выбараў. І так няпростае становішча з правамі чалавека ў краіне пачало ўскладняцца і праваабаронцы заяўляюць, што з’явіліся падставы сцвярджаць: рэпрэсіі да актыўных групаў грамадзянскай супольнасці Беларусі набылі планавы характар. Алесь Бяляцкі акрэсліў некалькі накірункаў рэпрэсіўных дзеянняў уладаў.
Аблава на незалежных журналістаў і СМІ
- Адна з групаў - актыўныя журналісты, якія працуюць у незалежных СМІ. І нейкім дзіўным збегам акалічнасцяў усе гэтыя журналісты аказаліся жанчынамі - шэф-рэдактар «Народнай Волі» Святлана Калінкіна, намесніца рэдактара «Народнай Волі» Марына Коктыш, журналіст “Новай газеты” Ірына Халіп і рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна. Ёсць у гэтым пэўны сімвалізм: прэзідэнт, прэм’ер, галоўны міліцыцянер, вышэйшы кэгэбіст, і генеральны пракурор – усе мужчыны – падступна змагаюцца з жанчынамі-журналісткамі, якія сьмела і адчайна адстойваюць права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі. З мэтай ціску на іх, фармальна была скарыстаная такзваная “паляўнічая справа”. Журналістак перыядычна выклікаюць на допыты ў якасці сведак, але ўсё нагадвае якраз тое, што звычайна адбываецца з абвінавачанымі – вобшукі, канфіскацыя кампутарнай тэхнікі, маральна-псіхалагічны ціск. Звяртае на сябе ўвагу і той факт, што чалавекам, які сцвярджае, што яны зрабілі на яго паклёп, з’яўляецца генерал, былы начальнік Упраўлення КДБ. А як вядома, былых кэдэбістаў не бывае. Для праваабаронцаў відавочна, што гэта справа выцмактаная з пальца, і асноўная задача ўладаў – рукамі сілавых структураў разграміць тры надзвычай папулярныя крыніцы інфармацыі Беларусі – сайты “Хартыя’97”, “Беларускі партызан” і газету “Народная Воля”.
Безумоўна, пераслед незалежных журналістак, высокіх прафесіяналаў сваёй справы, выклікае вялікую заклапочаннасць у праваабаронцаў, мы бачым у гэтым чарговы крок ўладаў, накіраваны на абмежаванне распаўсюду інфармацыі. І гэта зразумелы сігнал для ўсіх незалежных журналістаў - пра тое, што ў любы момант на іх могуць знайсціся ўяўныя кампраметуючыя матэрыялы і яны могуць аказацца напачатку ў якасці сведкаў, а пасля і ў якасці абвінавачаных, калі гэтага захочуць улады. Такая перспектыва вельмі верагодная для гэтых журналістак. Таму я заклікаю беларускае грамадства як мага больш актыўна ўключыцца ў іх абарону.
У гэтую ж схему ўладаў ціску на свабоду слова ўваходзіць прыняцце новага закону аб урэгуляванні Інтэрнету. Зараз мы ўсе чакаем пастановаў Савета міністраў, якія канчаткова дазволяць зразумець карціну – што ж мелася на ўвазе, калі прыймаўся такі цмяны указ. Ці гэтая пастанова сапраўды нейкім чынам зробіць больш бяспечнай Інтэрнет-прастору для карыстальнікаў, абароніць нас ад інтэрнэтных злачынстваў, ці, як я моцна падазраю, там закладзеныя падводныя камяні, якія абцяжараць доступ беларускіх грамадзянаў да незалежнай інфармацыі, што змяшчаецца на сотнях дэмакратычных сайтаў – праваабарончых, моладзевых, асьветніцкіх, рэгіянальных. Вельмі верагодна, што найперш могуць пацярпець сайты, якія карыстаюцца найбольшай папулярнасцю, паслядоўныя і бескампрамісныя ў дачыненні да ўладаў па пытаннях правоў чалавека, дэмакратыі ў Беларусі.
І фактычна ўжо пачаў ужывацца артыкул 369-1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае адказнасць за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь. Напрыклад, пагрозу патрапіць пад гэты артыкул нядаўна атрымаў адзін з лідэраў прадпрымальнікаў, кіраўнік Брэсцкага аддзялення БРГА “Перспектыва”, якога пракуратура папярэдзіла за “неаб’ектыўныя каментары ў СМІ”, у тым ліку і замежных, у сетцы інтэрнет. У пераліку гэтых СМІ пазначаны якраз сайты racyja.by, perspektiva.org, charter97.org, euromost.org, svaboda.by, zapraudu.info. Гэта ёсць рэальны ціск на людзей. Існуе небяспека, што і перад і падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў гэты крымінальны артыкул будзе ўжывацца як у дачыненні да грамадскіх актывістаў, так і да журналістаў.
Рэпрэсіі супраць грамадскіх актывістаў
Учорашні дзень увойдзе ў гісторыю Беларусі як дзень “зачысткі” грамадзкай ініцыятывы “Гавары праўду”. Брыдка, што ўлады змагаюцца з падкрэсьлена мірнымі грамадзкімі ініцыятывамі на поўным сур’ёзе, з арыштамі, ператрусамі, канфіскацыямі і допытамі, зноў жа выдумляючы нейкія міфічныя прэтэнзіі. Яшчэ брыдчэй, што быў затрыманы адзін з нашых найлепшых пісьменьнікаў Уладзімір Някляеў. Чалавека, якога любая іншая нармальная краіна аберагала б і ганарылася – садзяць у турму… Лукашэнка, які неаднаразова пагардліва выказваўся ў адрас беларускай мовы, беларускіх пісьменьнікаў, які на маю думку вельмі мала разумее што такое культура і літаратура, чарговы раз паспрабаваў сьцьвердзіць, што ў гэтай краіне няма прарокаў апрача яго.
Апроч гэтага мы маем справу віцебскага актывіста Сяргея Каваленкі. Вынесены прысуд: тры гады зьняволеньня ўмоўна. Абмежаванне свабоды, патэнцыйная небясьпека, якая вісіць над ягонай галавой, робіць С.Каваленку палітычна рэпрэсаваным. Ведаючы яго актыўную грамадскую пазіцыю, шчырае рэагаваньне на няпраўду, я баюся, што з умоўна зняволенага ён у любы момант можа стаць зняволеным рэальна. Улады пастараліся стварыць пастку для С. Каваленкі, але ў палітычным плане яны стварылі пэўную пастку і для сябе.
Надалей спіс асуджаных і зняволеных па палітычных матывах у краіне (на сённяшні дзень у нас шэсць такіх асобаў – Арцём Дубскі, Тарас Сурган, Мікалай Аўтуховіч, Уладзімір Асіпенка, Аляксандр Ларын, Міхаіл Казлоў) можа папоўніцца.
Нядаўна была ўзбуджаная крымінальная справа супраць палітычнага актывіста Алеся Зарэмбюка з Мастоў. Надзвычай актыўнага маладога чалавека, які ствараў і палітычную канкурэнцыю і выступаў з мясцовымі грамадзкімі ініцыятывамі, якія мелі падтрымку ў мясцовага насельніцтва, вырашылі скампраментаваць і абвінавацілі ў махлярстве. Гэтая справа мае відавочна палітычны кантэкст. Алесь Зарэмбюк не новы чалавек у грамадска-палітычнай дзейнасці. Ён быў актывістам моладзевых арганізацыяў, затым палітычнай партыі, абіраўся дэпутатам раённага савета, удзельнічаў у сёлетніх мясцовых выбарах у якасці кандыдата ў дэпутаты. І менавіта падчас выбараў пачалася новая хваля пераследу ў дачыненні да яго.
Нельга абыйсці ўвагай і тое, што адбылося ў Наваполацку – ператрус і канфіскацыя оргтэхнікі на офісе праваабаронцы Зміцера Салаўёва, менавіта на тым офісе, па адрасу якога двойчы за мінулы год спрабавала зарэгістравацца рэспубліканская арганізацыя Праваабарончы цэнтр “Вясна”. З.Салаўёў назіраў за выбарамі ў мясцовыя савету ў Наваполацку.Ператрус нібыта звязаны з верагоднасцю таго, што моладзь, якая наведвае гэты офіс, рабіла неанацысцкія надпісы ў горадзе. Без сумневу, што дзеянні ўладаў накіраваныя на спыненне фактычна адзінай незалежнай ад уладаў кропкі, дзе збіраліся грамадскія і палітычныя актывісты, ладзіліся розныя беларускія культурніцкія акцыі. Нагадаю, што гэты офіс абшукваўся таксама ў 2006 годзе. Перад новымі прэзідэнцкімі выбарамі карціна ізноў паўтарылася.
Усе гэтыя наступы на журналістаў, рэгіянальных актывістаў грамадскіх арганізацыяў і палітычных партыяў у Менску, Брэсьце, Гомелі, Віцебску, Мастах, Наваполацку, шматлікіх іншых – яны складаюцца ў адзіную карціну так бы мовіць пачатковага этапу выбарчай кампаніі. Я баюся, што мы будзем сутыкацца яшчэ з дзесяткамі падобных выпадкаў гвалтоўнага спынення ўладамі любой грамадскай актыўнасці. І справы могуць даходзіць да абсурду, як гэта адбылося 17 траўня з групай антыфашыстаў, якія сабраліся ў будынку "Гiстарычнай Майстэрні" па вул. Сухой, 25. Прагляд дакументальнага фільма скончыўся затрыманнем, прычым і грамадзяніна Бельгіі.
Мы бачым, што ўлады напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў распачалі спланаваную і добра падрыхтаваную кампанію па ўдушэньні грамадзянскай актыўнасьці. І гэта яшчэ пачатак. Мы павінны зараз з дапамогай міжнароднай супольнасці прыкласьці ўсе намаганьні для спынення эскалацыі напружанасці ды істэрыі ў грамадстве, якую ствараюць выканаўчыя ўлады напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.
Прынцыповыя для еўрапейскай супольнасці пытанні не вырашаюцца
- Лакмусавай паперкай у стасунках беларускай дзяржавы з еўрапейскай супольнасцю з’яўляецца пытанне смяротнага пакарання. З аднаго боку, яно не аказвае такога вырашальнага значэньня на стасункі паміж грамадзянскай супольнасцю і ўладамі краіны, як напрыклад, выбарчае заканадаўства, і ў той жа час мае вялікі маральны і сімвалічны аспект. Смяротнае пакаранне ўваходзіць у ідэалагічны набор беларускіх уладаў. Так сталася пасля рэферэндуму, на які яно выносілася. Але мы ж памятаем сэнс таго рэферэндуму: смяротнае пакаранне тады было прычэпным вагончыкам, які фактычна завуаляваў больш істотныя для беларускіх уладаў пытанні -- зьмену канстытуцыі, якая прывяла да неабмежаванай канцэнтрацыі ўлады ў адных, прэзыдэнцкіх руках. Можа і таму яшчэ яно такое дарагое для прэзыдэнцкага сэрца. Ідэалагічны аспект выкарыстання смяротнага пакарання застаецца і да сённяшняга дня нароўні з зялёна-чырвоным сцягам, усімі камсамоламі-БРСМамі-піянерамі і іншай постсавецкай сімволікай - як сімвал “жорсткасці і справядлівасці” ўлады. У гэтым якраз і ёсць праблема – праз свой палітычны кантэкст гэта пытанне для беларускіх уладаў аказалася даволі значным.
Дзякуючы таму, што апошні год беларускія праваабаронцы актыўна праводзілі кампанію супраць смяротнага пакарання, сама праблема стала больш рэальнай, персаніфікаванай: мы ўбачылі канкрэтных людзей, якія стаяць за ёй – асуджаных да вышэйшай меры пакарання і расстраляных, іх сваякоў. Праблема стала больш зразумелай для грамадства. І роля дзяржавы ў гэтай сітуацыі стала відавочна нявыйграшнай. Дзяржава з суровага баронцы спакою і парадку пераўтвараецца ў помсьлівага ката з пісталетам у руках.
Праблема смяротнага пакарання выйшла на адно з першых месцаў у адносінах Беларусі з Радай Еўропы. Для нашых цынікаў, якія сядзяць ва ўрадзе і разважаюць толькі фінансавымі ці постсавецкімі палітычнымі катэгорыямі для “ўнутранага спажывання”, пытанне пра статус спецыяльна запрошанага ці сяброўства ў Радзе Еўропы доўгі час не было настолькі важным. Але, у рэшце рэшт, і яны зразумелі, што міжнародны імідж дзяржавы, сяброўства ў розных міжнародных палітычных клубах – гэта таксама грошы. Але што тут пераможа – невядома.
Адносіны паміж беларускай уладай і грамадзянскай супольнасцю вельмі пільна і скурпулёзна адсочваюцца структурамі Еўразвязу. Сёння Еўразвяз надзяляе значна больш увагі стасункам з Беларуссю, нават у параўнанні з папярэднімі выбарамі. Еўрачыноўнікі, якія ўжо не першы год займаюцца Беларуссю, разумеюць, што тут адбываецца. І сітуацыя з правамі чалавека, з смяротным пакараннем, з грамадзянскімі свабодамі, якія так актыўна перасьледуюцца ў Беларусі, не спрыяе паляпшэнню стасункаў Беларусі з Еўразвязам.
Сітуацыя патрабуе актыўнасці грамадзянскай супольнасці
- Сёння ўсім без выключэнняў сегментам беларускай грамадзянскай супольнасці -журналістам, праваабаронцам, грамадскім, палітычным і прафсаюзным актывістам – неабходна актыўнасць у адстойванні сваіх правоў. Нягледзячы на злоснасьць, зацятасьць і падступнасьць беларускіх ўладаў, мы можам дасягнуць пэўнага прагрэсу. Ідзе зацятая барацьба і сноўная мэта выканаўчых ўладаў паралізаваць беларускай грамадзтва і застацца пры ўладзе яшчэ на доўгі час. Ня гледзячы на рэпрэсіі, беларускае грамадства павінна перасіліць складаную сітуацыю праз сваю актыўнасць і ахвярнасць. І гэта датычыцца усіх нас.