viasna on patreon

Вынікі выбараў: давярай, але правярай

2010 2010-05-12T10:14:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/paulouski.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксей Паўлоўскі

Аляксей Паўлоўскі

Грамадскі актывіст Аляксей Паўлоўскі ў чарговы раз не стаў дэпутатам. Але як і раней ён не паверыў вынікам выбараў і вырашыў праверыць сапраўднасць іх вынікаў. Гэтым разам Аляксей балатаваўся адначасова ў гарадскі і абласны Саветы дэпутатаў па - Завадской выбарчай акрузе №3 і Казіміраўскай выбарчай акрузе №32.

Афіцыйныя вынікі галасавання ў гарадскі Савет дэпутатаў па Завадской выбарчай акрузе № 3 пры агульнай колькасці выбаршчыкаў 6796 наступныя:

Яўка ў дзень выбараў склала 79%, за Аляксей Паўлоўскага прагаласавала 1637 чалавек, за яго канкурэнта, галоўнага інжынера і першага намесніка дырэктара ААТ "Магілёўскі завод "Электрарухавік" Аляксандра Ногціча - 3327 чалавек, супраць усіх - 224, колькасць несапраўдных бюлетэняў - 199.

Маючы гэтыя вынікі галасавання, сабраўшыся з духам і прыхапіўшы аўтара гэтага артыкула ў якасці журналіста і сведкі мы адправіліся ў раён заводу "Тэхнапрыбор", дзе жыве Аляксей Паўлоўскі і дзе размешчаны выбарчыя ўчасткі для галасавання, каб правесці невялікае сацыялагічнае апытанне жыхароў некалькіх дамоў, ды і проста выпадкова гуляючых па раёне мясцовых жыхароў.

Аляксей распавёў, што дадзеную форму праверкі вынікаў выбараў ён апрабаваў яшчэ ў 2008 годзе.

"Першы раз я праверыў вынікі выбараў у 2008 годзе, калі балатаваўся ў дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, - гаворыць Аляксей Паўлоўскі, - тады я таксама паставіў пад сумнеў вынікі выбараў і на тэрыторыі аднаго з выбарчых участкаў сабраў подпісы людзей, якія падалі свае галасы за мяне. У выніку такіх людзей набралася больш, чым было пазначана ў выніковым пратаколе галасавання. Усе гэтыя подпісы я перадаў у Цэнтвыбаркам, дзе яго старшыня Лідзія Ярмошына адказала мне, што ў нас усё вырашаецца на выбарчых участках, а не па прынцыпу “што людзі скажуць”.

У інтэрнаце, што па вул. Грышына, 116 галасы размеркаваліся наступным чынам: не хадзіла галасаваць 15 чалавек, "супраць усіх" - 6, "за" Ногціча - 2, “за” Паўлўскага - 14.

У інтэрнаце па вул. Грышына, 102 галасы размеркаваліся наступным чынам: не хадзіла галасаваць 7 чалавек, "супраць усіх" - 1, "за" Ногціча - 1, “за” Паўлоўскага - 11.

З апытаных выпадковым чынам жыхароў мікрараёна: не хадзіла галасаваць 4 чалавекі, "супраць усіх" - 2, "за" Ногціча - 1, “за” Паўлоўскага - 14.

У выніку праведзенага апытання было апытана 78 чалавек. Агульны вынік апытання такі: не хадзіла галасаваць - 26 чалавек, "супраць усіх" - 9, "за" Ногціча - 4, “за” Паўлоўскага - 39. Неяк гэта зусім не вяжацца ні з вынікамі афіцыйнай яўкі, ні з перамогай яго канкурэнта Аляксандра Ногціча, бо сімпатыі сярод апытаных былі відавочна на боку Аляксей Паўлоўскага прыблізна ў 10 разоў больш.

"Вось гэтыя вынікі сацыялагічнага апытання я жадаў паказаць жыхарам свайго раёна, - гаворыць Аляксей Паўлоўскі, - каб яны ведалі, што дэпутатаў у нас не выбіраюць, а прызначаюць і выбары з'яўляюцца не чым іншым як выбарчым фарсам. Мы адмыслова не пайшлі ў дом, у якім я жыву разам са сваёй сям'ёй, каб не паказваць за каго галасавалі мае суседзі, бо ўсе яны будуць на маім баку, а для апытання абралі нейтральныя дамы".

У інтэрнатах Аляксея сустракалі як добрага знаёмага і на пытанне за каго галасавалі з тых хто хадзіў на галасаванне адказвалі ў сваёй большасці, што за Паўлоўскага, а калі пазнавалі самога кандыдата ў дэпутаты, то не маглі схаваць сваёй усмешкі і расчаравання ў выніках выбараў.

"Я галасаваў за вас, - кажа хлопец, - а вас не абралі? "

"І я галасавала за вас, - кажа жанчына, якая гатавала ежу на кухні,- і ўсе ў інтэрнаце таксама. Мы пастаянна за вас галасуем. Толькі чагосці вас не выбіраюць"

Адпачываючыя на зэдліку мужчыны таксама выказалі падтрымку Аляксею.

"Я таксама галасоваў за цябе, - кажа адзін з мужчын, - бо я таксама будаўнік, таму і падтрымаў цябе. Тут усе галасавалі за цябе".

З гэтым аргументам пагадзіліся і двое іншых мужчын, якія сядзелі побач.

А вось адна з дзяўчын, якая патрапіла ў аб'ектыў фотаапарата  сказала, што галасаваць не хадзіла. Жанчыны ж, якія стаялі побач з ёй сказалі, што галасавалі за Паўлоўскага.

Яшчэ адна група мужчын сядзела на лавачцы і таксама пазнала кандыдата ў дэпутаты і пагадзілася з тым, што вынікі выбараў сфальсіфікаваныя.

"Я галасаваў за Паўлоўскага, - гаворыць мужчына, - бо ведаю, што ён не кідае свае словы на вецер. Сказаў, што вырашыць пытанне з асвятленнем - зрабіў. Заняўся пытаннем стварэння новага аўтобуснага маршруту - у выніку ў нас ёсць маршрут аўтобуса №35. У яго словы не разыходзяцца са справай."

Выпадкова з пад’езда выйшаў яшчэ адзін мужчына, які пайшоў выкідваць смецце. На пытанне Аляксея ён адказаў, што галасаваў за Ногціча, але такіх як ён набралася ўсяго 4 чалавекі.

Сам кандыдат у дэпутаты задаволены вынікамі сацыялагічнага апытання.

"Я у чарговы раз пераканаўся і імкнуся пераканаць у гэтым астатніх, што выбары ў нас не дэмакратычныя, - адзначае Аляксей Паўлоўскі, - дэпутатамі прызначаюць людзей адарваных ад народа. У сваю чаргу я як абяцаў дапамагаць вырашаць розныя пытанні жыхароў свайго раёна, так і буду гэтым займацца надалей. Да мяне і так звяртаюцца як да дэпутата, толькі шмат хто не ведае таго, што мяне не абралі ні на папярэдніх выбарах, ні на гэтых. Гэта мяне не спыняе. Я буду і далей дапамагаць людзям, бо наша ўлада хлуслівая і баязлівая і дапамагчы людзям не можа".

Да заслуг грамадскага актывіста можна аднесці стварэнне новага аўтобуснага маршруту №35, рашэнне пытання з асвятленнем цёмнай часткі раёна, асфальтаванне дарожак на школьным стадыёне, ініцыятыву па будаўніцтве маста, які бы звязаў мікрараён "Тэхнапрыбор" з горадам (ініцыятыва падтрыманая і будаўніцтва маста пачнецца на працягу бліжэйшых двух год), адкрыццё новых крам, аптэк, рамонт дарог, рамонт прыступак у інтэрнаце, будаўніцтва пандусаў і шмат чаго іншага. 

Вітольд НЯЎРЫДА

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства