Каваленку вызвалілі
Віцебскага актывіста партыі КХП-БНФ Сяргея Каваленку і яго брата Віталя 10 траўня вызвалілі з ізалятара часовага ўтрымання, дзе браты правялі фактычна суткі. Іх затрымалі напярэдадні раніцай. Пра акалічнасці затрымання распавядае Сяргей Каваленка:
- Калі выходзілі з крамы, тры амапаўцы падыйшлі, сказалі, што мы затрыманыя. Абшукалі нас, забралі нашыя рэчы. Пытаю: «За што нас затрымалі? Можа за тое, што мы матам лаяліся?» Яны ж заўсёды так кажуць. Адказваюць: «Так, так, за тое, што матам». Пытаю: «У вас годнасць ёсць?» Адказваюць: «Не, няма». Паехалі ў пастарунак, там склалі на нас пратакол аб дробным хуліганстве. Мы знаходзіліся ў ізалятары часовага ўтрымання да сённяшняга дня. Яны мяне затрымлівалі, каб я ім не ўчыніў акцыю на 9 траўня. Пры чым, яны мяне ў шпіталь вазілі, бо я паскардзіўся на боль у жываце, дык два міліцыянты ў палаце са мной былі, і амапаўцы каля вакна. Напэўна, думалі, што я буду выбірацца з чацьвёртага паверха.
З раніцы разгляд справы братоў Каваленкаў у Першамайскім судзе перанеслі на 24-га траўня.
Акрамя таго, 12-га траўня Сяргея Каваленку будуць судзіць у Кастрычніцкім раённым судзе за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай елцы Віцебску 7 студзеня. Супраць актывіста заведзена крымінальная справа за злоснае хуліганства і супраціў работнікам міліцыі.
На 25-га траўня перанесены разгляд справы, звязанай з парушэннем правілаў дарожнага руху і нецэнзурнай лаянкай на адрас міліцыянтаў, па якой Каваленку затрымлівалі 6-га траўня. Суд па гэтай справе адбываўся яшчэ 7 траўня ў Чыгуначным райсудзе Віцебску, але быў перанесены, паколькі Сяргей Каваленка запатрабаваў адваката.