viasna on patreon

Пастару Ганчарэнку пагражаюць турмой

2010 2010-05-06T18:16:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gancharenka.jpg
Фота \"Радыё Свабода\"

Фота \"Радыё Свабода\"

Пастару менскай царквы "Новае жыцьцё" Вячаславу Ганчарэнку пагражае турэмнае зьняволеньне за псаваньне зямель. Пра гэта паведаміў агенцтву БелаПАН юрыст абшчыны Сяргей Луканін.

Паводле яго, 6 мая да будынку царквы прыбылі больш як 10 чыноўнікаў на чале са старшынём Мінскага гарадзкога камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Аляксандрам Баравіковым. Раней прадстаўнікі прыродаахоўнага ведамства выставілі пазоў абшчыне на суму больш чым 249 мільёнаў рублёў нібыта за забруджваньне тэрыторыі царквы нафтапрадуктамі, сказаў юрыст. Паводле яго, добраўпарадкаваньне газону для дзіцячай пляцоўкі каля будынку царквы чыноўнікі расцанілі як "псаваньне верхняга ўрадлівага пласта зямлі". "Акрамя таго, абшчыну абвінавацілі ў арганізацыі аўтамабільнай стаянкі і пад'язной дарогі. Зрабіўшы замеры тэрыторыі, яны паехалі, не склаўшы ніякіх актаў", — адзначыў Луканін.

Чыноўнікі, прадоўжыў юрыст царквы, ніяк не рэагавалі на довады аб тым, што аўтастаянка і дарога існавалі на гэтым месцы задоўга да набыцьця абшчынай будынка былога кароўніка ў калгаса імя Калініна. "Усе гэтыя довады Баравікоў прапанаваў нам выказаць у судзе. Адмятаючы абвінавачаньні ў прадузятасьці, чыноўнік паведаміў, што царква не адзіная юрыдычная асоба, да якой мае прэтэнзіі экалягічнае ведамства. У якасьці прыкладу старшыня камітэта назваў Менскі маторны завод, да якога за псаваньне зямель прад'яўлены іск на суму 15 мільёнаў рублёў. Аднак Баравікоў не растлумачыў, якім чынам царква магла нанесьці прыродзе ўрон амаль у 17 раз большы, чым цэлае прадпрыемства", — сказаў Луканін.

Паводле яго, у канцы гутаркі Баравікоў параіў падумаць, якім пакараньнем у адпаведнасьці з Крымінальным кодэксам можа пагражаць псаваньне зямель, якое пацягнула нанясеньне ўрону ў асабліва буйным памеры. Згодна з артыкулам 249 КК псаваньне зямель караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін да пяці гадоў. "Такім чынам, царкву чакаюць некалькі судовых працэсаў, першы зь якіх пачнецца 12 мая", — сказаў юрыст.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства