Зьміцер Салаўёў скардзіцца ў Генеральную пракуратуру на ператрус
Праваабаронца Зьміцер Салаўёў накіраваў у Генеральную пракуратуру скаргу на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі, які 30 красавіка правялі ператрус у памяшканьні, якое яму належыць на праве ўласнасьці.
Ператрус праводзіўся ў межах крымінальнай справы па арт.341 КК Рэспублікі Беларусь (па факту напісаньня ў г.Наваполацку фашысцкіх надпісаў). Падчас вобшуку былі канфіскаваныя сістэмны блок кампутару, сьцягі, кнігі, плакаты, дыскі і г.д. Пры гэтым падставай для ператрусу па словах дазнавацеля Іваненка была інфармацыя нібыта аб тым, што ў дадзеным памяшканьні зьбіраецца нацыянальна сьвядомая моладзь.
Зьміцер Салаўёў паведамляе ў скарзе, што “на працягу 2008-2009 гг. я тройчы звяртаўся з заявамі да пракурора г.Наваполацка з патрабаваньнем узбудзіць крымінальную справу супраць неафашыстаў, якія размалёўвалі будынкі і збудаваньні ў г.Наваполацку фашысцкай свастыкай і лозунгамі, а таксама антысеміцкімі надпісамі. Таксама былі напады на прыналежнае мне памяшканьне: невядомыя асобы на вонкавай сцяне будынку малявалі свастыку і пашкодзілі абарончы ралет на акне. Да скаргаў былі прыкладзеныя фотаздымкі надпісаў. Прыходзілі адказы, у якіх было напісана, што ў дзеяньнях невядомых асобаў, якія малююць свастыку, няма складу злачынства. Да адміністратыўнай адказнасьці іх не прыцягнулі, бо не ўстанавілі іх асобы.”
Праваабаронца лічыць неабгрунтаваным вобшук ў памяшканьні, якое належыць яму, а той факт, што людзі, якія збіраюцца тут, размаўляюць на беларускай мове і займаюцца грамадскай дзейнасьцю, не можа быць падставай для правядзеньня ў іх вобшукаў.
Зыходзячы з вышэйпрыведзенага, Зміцер Салаўёў запатрабаваў, каб Генпракуратура Беларусі правяла праверку па факту, выкладзенаму ў дадзенай скарзе і прыняла меры па спыненьню беспадстаўнага цкаваньня людзей па моўнай прыкмеце (тых, хто размаўляе на беларускай мове) і па палітычных поглядах, а таксама накіраваць намаганьні адпаведных органаў на пошук сапраўдных злачынцаў-неафашыстаў.
3 траўня Праваабарончы цэнтр “Вясна” распаўсюдзіў адмысловую заяву, у якой заявіў рашучы пратэст і заклікаў прыпыніць неапраўданы ціск на праваабаронцу, неадкладна вярнуць канфіскаваную маёмасьць і заняцца пошукам сапраўдных злачынцаў!