ЗАЯВА ПРАВААБАРОНЧАГА ЦЭНТРУ “ВЯСНА”
30 красавіка ў Наваполацку ў прыватным офісе праваабаронцы Зьміцера Салаўёва адбыўся вобшук. Ён праводзіўся з санкцыі пракурора горада Анатоля Аўсюка і начальніка аддзела па вышуковай працы аддзела крымінальнага вышуку Наваполацкага ГАУС Карэнскага В.С. у межах крымінальнай справы, узбуджанай па арт. 341 КК РБ - "Апаганьваньне будынкаў і псаваньне маёмасьці". Падставай для ўзбуджэньня справы паслужылі надпісы са свастыкай, зробленыя на сьценах гораду. У выніку ператрусу канфіскаваныя сістэмны блок кампутара, дыскі, шмат розных друкаваных выданьняў і бел-чырвона-белыя сьцягі.
На офісе праваабаронцы Зьміцера Салаўёва праходзяць шматлікія культурніцкія імпрэзы, такія як Беларуская дыктоўка, сустрэчы з вядомымі пісьменьнікамі і мастакамі. Зьміцер Салаўёў вядомы ў Наваполацку праваабаронца і грамадзкі дзяяч, там ён сустракаецца з людзьмі, якім бывае патрэбна дапамога з прычыны парушэньня іхніх правоў. У Наваполацку – гэта адзінае незалежнае ад уладаў месца, дзе могуць сабрацца людзі з дэмакратычнымі поглядамі. Менавіта таму ўлады вельмі нярвова ставяцца да ягонага існаваньня. У 2006 годзе ў выніку вобшуку з офіса была канфіскаваная оргтэхніка, друкаваныя выданьні і праваабарончыя дакументы. Да гэтага часу ў парушэньне закону нічога з канфіскаванага не было вернута.
Офіс Зьміцера Салаўёва таксама неаднаразова падвяргаўся нападам неафашыстаў. Сьцены будынку звонку размалёўваліся свастыкай, быў пашкоджаны ралет на вакне. На працягу 2008-09 гадоў праваабаронца тройчы зьвяртаўся ў гарадзкую пракуратуру з патрабаваньнем узбудзіць крымінальную справу супраць дзеючых у горадзе неонацыстаў, якія таксама размалёўвалі фашыстоўскімі і антысеміцкімі лозунгамі іншыя будынкі ў г.Наваполацку. У выніку прыходзілі адмовы, у якіх было напісана, што дзеяньні невядомых асобаў не падпадаюць пад крымінальную адказнасьць.
Рада Праваабарончага цэнтру “Вясна” наўпрост зьвязвае вобшук у офісе праваабаронцы Зьміцера Салаўёва з ягонай актыўнай грамадзкай пазіцыяй. У прыватнасьці, зусім нядаўна праваабаронца ўдзельнічаў у маніторынгу выбараў ў мясцовыя саветы. Замест таго, каб затрымаць неофашыстаў, якія дзейнічаюць у Наваполацку і Полацку, улады выкарыстоўваюць любую магчымасьць, каб аказаць ціск на праваабаронцу і перашкодзіць ягонай праваабарончай, грамадзкай і культурніцкай дзейнасьці.
У сувязі з дзеяньнямі ўладаў, накіраванымі на абмежаваньне дзейнасьці праваабаронцы Зьміцера Салаўёва, мы заяўляем рашучы пратэст і заклікаем прыпыніць неапраўданы ціск на праваабаронцу, неадкладна вярнуць канфіскаваную маёмасьць і заняцца пошукам сапраўдных злачынцаў!
Рада Праваабарончага цэнтру “Вясна”