viasna on patreon

Зварот ГА БАЖ да калегаў з нагоды Сусветнага дня свабоды прэсы

2010 2010-05-03T13:12:19+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Шаноўныя калегі!

Ужо не першы год незалежным журналістам у Беларусі даводзіцца выконваць свае прафесійныя абавязкі ў надзвычай неспрыяльных умовах. Улады краіны татальна кантралююць інфармацыйную прастору і абмяжоўваць дзейнасць незалежных СМІ — праз адмовы ў доступе да інфармацыі, праз забароны на распаўсюд і друк, праз судовы пераслед, праз эканамічную дыскрымінацыю.

Апошняя трывожная тэндэнцыя — адкрыты ціск на журналістаў з боку сілавых структур і спецслужб. Яшчэ ў сакавіку 2008 года нашы калегі атрымалі гэты сумны досвед, калі спецслужбы пад прыкрыццём расследавання крымінальнай справы аб паклёпе на прэзідэнта правялі ператрусы ў кватэрах і офісах незалежных журналістаў па ўсёй краіне. Зараз гісторыя паўтараецца: зноў на падставе крымінальнай справы аб паклёпе на высокапастаўленага супрацоўніка КДБ дапытваюць і абшукваюць журналістаў, якія займаюцца найбольш «вострымі» тэмамі. Грубае ўмяшальніцтва ў прафесійную дзейнасць рэгулярна адчуваюць нашы калегі, якія асвятляюць вулічныя акцыі — сілавікі ў цывільным захінаюць ім камеры, затрымліваюць, ужываюць супраць іх фізічную сілу. Цэлы шэраг беларускіх журналістаў атрымалі папярэджанні за прафесійную дзейнасць без акрэдытацыі.

Сёння, у часе набліжэння прэзідэнцкіх выбараў, боязь непадцэнзурнай інфармацыі настолькі абвастрылася, што медыясфера апынулася ў эпіцэнтры рэпрэсій. Кантраляваць усё і паўсюль, абмежаваць доступ людзей да інфармацыі, якая падштурхне іх да больш глыбокага асэнсавання рэчаіснасці — вось глыбіннае памкненне сённяшняй улады.

У гэтых умовах бадай самы галоўны здабытак, да якога спрычыніўся кожны з нас, — гэта тое, што незалежная журналістыка захавалася ў Беларусі як інстытут грамадства. Мы ацалелі як супольнасць толькі таму, што ставілі на першае месца свой свядомы выбар на карысць прафесіі, сваё разуменне ўласнай адказнасці за прадастаўленне грамадству праўдзівай і незаангажаванай інфармацыі. Менавіта гэта надае нам трываласці, нягледзячы на ціск і пераслед.

Мы адчуваем сябе часткай міжнароднай журналісцкай супольнасці і выказваем удзячнасць нашым замежным калегам за падтрымку і салідарнасць. Са свайго боку, мы добра разумеем і падтрымліваем журналістаў іншых краінаў, якія таксама працуюць у неспрыяльных і цяжкіх умовах і зазнаюць пераслед за сваю прафесійную дзейнасць.

Сёння, 3 траўня, ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» віншуе з Сусветным днём свабоды прэсы кожнага з вас, паважаныя калегі, — кожнага, хто сваёй штодзённай працай сцвярджае адданасць высокім прафесійным стандартам журналістыкі, хто лічыць незалежнасць і праўду найвышэйшымі каштоўнасцямі, хто разумее важнасць нашай з вамі прафесіі для грамадства.

Толькі наша еднасць дапаможа супрацьстаяць усім выклікам і пагрозам, толькі наша салідарнасць дапаможа нам адстаяць наша права на прафесію!

Трымаемся праўды!

Трымаемся прафесіі!

Трымаемся адзін аднаго!

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства