viasna on patreon

Міністэрства адукацыі адмовілася ўзнавіць Тацяну Хома ў БДЭУ

2006 2006-01-13T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Тацяна Хома, выключаная ў лістападзе мінулага году пасьля паездкі ў Францыю, дзе яе абралі ў кіраўніцтва Аб'яднаньня Студэнцкіх Саюзаў Эўропы ESIB, атрымала адказ зь Міністэрства адукацыі РБ на сваю скаргу, якую яна падала 1 сьнежня 2005 году на загад аб адлічэньні з унівэрсытэта.
У лісьце, які падпісаны намесьнікам Міністэрства адукацыі К.С. Фарына, гаворыцца, што падставай для выключэньня студэнткі стала “парушэньне Правілаў унутранага распарадку установы адукацыі “Беларускі дзяржаўны эканамічны унівэрсытэт”.
Міністэрства адукацыі спасылаецца на падпункт 18.6 пункта 18 Правілаў унутранага распарадку БДЭУ і тлумачыць, што выкананьне правілаў азначае, што “студэнт абавязаны наведваць усе заняткі, уключаныя ў расклад. Пры незьяўленьні на заняткі па непаважнай прычыне студэнт абавязаны не пазьней, чым на наступны дзень паставіць у вядомасьць дэканат і ў першы ж дзень зьяўленьня на заняткі прадставіць у дакумэнты аб прычынах пропуска заняткаў. Калі студэнт не прадстаўляе дакумэнтаў, што пацьвярджаюць паважнасьць прычын пропуску заняткаў, то незалежна ад яго тлумачэньня прычына пропуска заняткаў лічыцца непаважнай”.
Міністэрства адукацыі таксама спасылаецца на Інструкцыю аб парадку перавода, узнаўленьня і адлічэньня студэнтаў вышэйшых навучальных установаў, што зацьверджаная загадам Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 1 ліпеня 1999 г. № 192. Згодна зь ёй адлічэньне студэнтаў праводзіцца за сыстэматычнае парушэньне дысцыпліны і правілаў унутранага распарадку вышэйшай навучальнай установы.
У лісьце Міністэрства адукацыі акрамя таго пералічаныя пропускі Тацяны Хома за тры апошнія сэмэстры навучаньня ў адпаведнасьці з выпіскай з журнала уліку вучэбных заняткаў. Так у пятым сэмэстры 2004/2005 навучальнага году колькасьць прапушчаных заняткаў склала 28 гадзінаў, у шостым – 46, у сёмым сэмэстры 2005/2006 навучальнага году – 22 гадзіны (19.10.2005 г. – 2 гадзіны; 12.11.2005 г. – 6 гадзінаў; 14.11.2005 г. – 6 гадзінаў; 18.11.2005 г. – 2 гадзіны).
-- У загадзе рэктара напісана “адлічыць з унівэрсытэта за грубае парушэньне Правілаў унутранага распарадку БДЭУ, што выразілася ў самавольным выезьдзе за мяжу ў пэрыяд вучэбных заняткаў”, пры гэтым Міністэрства адукацыі ў сваім адказе маё выключэньне тлумачыць сыстэматычным пропускам заняткаў, што не зьвязана з тым, што было напісана ў загадзе рэктара БДЭУ. Я ўжо параілася з адвакатам і ў бліжэйшы час падам скаргу ў суд. – паведаміла studenty.by Тацяна Хома.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства