viasna on patreon

Вінцук Вячорка: Вынікі, атрыманыя такім чынам, не маюць нічога супольнага з волевыяўленнем выбаршчыкаў

2010 2010-04-29T13:28:37+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viachorka_v.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Кандыдат у дэпутаты па 43-й выбарчай акрузе сталіцы Вінцук Вячорка нікіраваў скаргу у камісію Савецкага раёна.  

У скарзе, у прыватнасці, сп.Вячорка паведамляе, што падчас выбарчай кампаніі сутыкнуўся са шматлікімі фактамі парушэння выбарчага заканадаўства, у тым ліку  правоў яго як кандыдата, яго давераных асобаў, назіральнікаў, выбаршчыкаў.

“Напрыклад з 14 чалавек, якія Партыя БНФ з маёй ініцыятывы прапанавала ва ўчастковыя камісіі 43-й акругі, 13 асобаў былі без тлумачэнняў адхіленыя адміністрацыяй Савецкага раёну. Відаць, з-за недастатковай кампетэнтнасці. Сярод іх – старшыня камісіі Вярхоўнага Савету Л.Баршчэўскі, кіраўнік сакратарыяту Вярхоўнага Савету В.Свяцкая, прафесар Ю.Хадыка, іншыя людзі з навуковымі званнямі, парламенцкім і кіраўнічым досведам”, - гаворыцца у скарзе В.Вячоркі.

Не змог ён як кандыдат за сродкі, вылучаныя на агітацыйную прадукцыю, надрукаваць двухбаковыя ўлёткі і аб'явы пра сустрэчы з выбаршчыкамі, хоць папярэдняя згода з друкарняй  "Ксен-Ри" была атрыманая.

Акрамя таго, 23 красавіка на вул. Мірашнічэнкі ў раёне дома № 47 двойчы былі затрыманыя супрацоўнікамі Савецкага РУУС і пратрыманыя ў бяздзейнасці распаўсюднікі інфармацыйнай прадукцыі В.Вячоркі Антон Койпіш ды Ілля Мураеў. Спачатку іх затрымаў падпалкоўнік міліцыі Анатоль Аляксеевіч Дабрагост, які пасля званкоў кандыдата ў дэпутаты ў прэсу і ў ЦВК (прадстаўніца якога Н.Кісялёва рэагаваць адмовілася) змушаны быў іх адпусціць. Потым іх жа затрымаў супрацоўнік РУУС Дзмітрый Генадзьевіч Валынцаў. Пакуль распаўсюднікаў трымалі, са стэндаў зніклі наклееныя імі плакаты.

Група Вячоркі забяспечыла безупыннае назіранне падчас папярэдняга галасавання на ўчастку № 75 - адзіным у акрузе, дзе ў склад камісіі была ўключаная прадстаўніца Партыі БНФ – Ада Чалей. Гэта дало вынік: і паводле назіральнікаў В.Вячоркі, і паводле камісіі папярэдне рэальна прагаласавала 40 чалавек, або 3,8% ад агульнага (магчыма, істотна заніжанага) складу выбаршчыкаў. Але на суседніх участках, дзе папярэдняга назірання не было, колькасць папярэдне прагаласаваўшых у 5-15 разоў большая. На 73-м участку - 208 чалавек, на 74-м - 174, на 76-м – 482. На думку В.Вячоркі, такі процінатуральны перапад колькасці ўдзельнікаў сведчыць пра фальсіфікацыі і яўкі на папярэдняе галасаванне, і яго вынікаў.

Амаль усюды, у прыватнасці, на 71-м, 73-м, 75-м участках, камісіі, па меркаванні кандыдата ў дэпутаты ад БНФ,  ігнаравалі арт.55 Выбарчага кодэксу і не агучвалі, а значыць, і не падлічвалі асобна вынікі з папярэдняга галасавання, вынасных скрынак і асноўнага галасавання. Толькі на ўчастку № 74 камісія агучыла звесткі з асобнага падліку. У скрынцы для галасавання на ўчастку ў дзень выбараў, якая амаль увесь час знаходзілася ў полі зроку назіральнікаў, бальшыня бюлетэняў - 112 - была аддадзеная за В.Вячорку, а за яго суперніка ад улады У.Галабурду - 79. Аднак у скрынцы для датэрміновага галасавання пераважылі галасы за Галабурду з 12-разовым адрывам: 138 на 12. Відавочна, што такі разрыў прапорцыяў не можа быць вынікам рэальнага папярэдняга галасавання.

Усяго скарга В.Вячоркі складаецца з 24 пунктаў. У канцы сваей скаргі ён піша: “пералічаныя факты парушэння законаў пацвярджаюцца актамі, заявамі і скаргамі сябра ўчастковай камісіі, давераных асобаў, назіральнікаў. Названыя факты толькі ілюструюць тыповыя масавыя парушэнні ў акрузе ў цэлым. Вынікі, атрыманыя такім чынам, не маюць нічога супольнага з волевыяўленнем выбаршчыкаў. Яны павінны быць адмененыя, у акрузе павінны быць сфармаваныя новыя ўчастковыя камісіі з абавязковым удзелам прадстаўнікоў усіх прэтэндэнтаў у кожнай і праведзеныя новыя выбары”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства