Брэсцкі гарвыканкам забараніў апазіцыі правесці 1 мая дэманстрацыю
Брэсцкі гарвыканкам не задаволіў заяўку гарадскіх арганізацый Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" на правядзенне 1 мая дэманстрацыі.
"Прычыны адмовы традыцыйныя, — паведаміла БелаПАН старшыня гарадской структуры сацыял-дэмакратаў Ганна Канюс. — Па-першае, як заяўляюць улады, маршрут дэманстрацыі праходзіць бліжэй чым за 50 метраў ад шэрагу адміністрацыйных будынкаў, што забаронена ў адпаведнасці з артыкулам 9 закона "Аб масавых мерапрыемствах"; па-другое, рух да 150 дэманстрантаў па тратуарах і пешаходных пераходах можа прывесці да парушэння руху транспарту. Акрамя таго, у сёлетняй адмове дададзена яшчэ адна матывіроўка — рамонтна-будаўнічыя работы на адной з вуліц маршруту дэманстрацыі".
У адказе гарвыканкама таксама адзначаецца, што заяўнікі "могуць узяць удзел у культурна-масавых мерапрыемствах, якія праводзяцца гарвыканкамам у парку імя 1 Мая, нароўні з іншымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь".
"Канешне, мы, як і планавалі, возьмем удзел у гэтых мерапрыемствах, але не толькі як грамадзяне нашай краіны, але і як партыйцы, — заявіла Канюс. — Мы накіруемся ў парк калонай, няхай і не з такой колькасцю людзей, як намячалі, і не па тых вуліцах. Прычым зробім гэта пад сваімі партыйнымі сцягамі".
Брэсцкія гарадскія арганізацыі БСДП (Грамада) і Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" планавалі 1 мая з 11.00 да 12.00 прайсці па праспекце Машэрава і вуліцы Леніна да галоўнай плошчы горада, затым далучыцца да ўдзельнікаў мерапрыемстваў, арганізаваных уладамі ў гарадскім парку культуры і адпачынку імя 1 Мая. Меркаваная колькасць дэманстрантаў — 150 чалавек, паведамляе БелаПАН.