Журналіста AP Юрася Карманава запрашалі ў КДБ з нагоды яго камандзіроўкі ў Бішкек
Беларускаму карэспандэнту агенцтва Associated Press Юрасю Карманаву 23 красавіка патэлефанаваў невядомы, які назваўся супрацоўнікам КДБ Алегам Анатольевчам і запрасіў журналіста на размову з нагоды яго нядаўнай паездкі ў Кыргызстан.
Журналіст адмовіўся ісці на якія-кольвек «гутаркі» без афіцыйнай позвы, дасланай на хатні адрас.
Юрась Карманаў знаходзіўся ў Бішкеку па заданні маскоўскай рэдакцыі AP з 8 да 19 красавіка, асвятляючы дзяржаўны пераварот у Кыргызстане.
Серыя аператыўных інфармацыйных паведамленняў журналісцкай каманды, у складзе якой працаваў Юрась, атрымала статус «The beat of the week» (найлепшы матэрыял тыдня на Associated Press), падзяліўшы «п’едэстал гонару» з аўтарамі паведамленняў пра вывяржэнне ісландскага вулкану і землятрус у Кітаі. Дзякуючы групе Ю. Карманава AP першым з сусветных агенцтваў паведаміла пра тое, што былы прэзідэнт Бакіеў пакінуў краіну разам з сям’ёй.
Нагадаем, што ў жніўні-верасні 2009 года, у часе канфлікту ў Паўднёвай Асеціі, Юрась Карманаў таксама знаходзіўся ў зоне ваенных дзеянняў. Тады яго рэпартаж з грузіна-асецінскага сяла Ксуісі таксама атрымаў статус «The beat of the week». AP мае больш за 300 бюро па ўсім свеце, і выйграць такую «ўнутраную прэмію» агенцтва надзвычай прэстыжна.