viasna on patreon

Юрый Чавусаў: Канчатковы вынік у руках аднаго чалавека

2010 2010-04-27T16:27:30+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/chavusau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

 

На выбарчым участку № 9 Курасоўшчынскай акругі № 16 Менска ў дзень выбараў прысутнічалі назіральнікі ад “Беларускага Хельсінскага камітэта”, пасольстваў ЗША і Швецыі і іншыя. Дзякуючы такому складу гэты ўчастак стаў адным з нешматлікіх, дзе назіральнікі змаглі бачыць працэс падліку галасоў. Пры гэтым каля 70 % выбаршчыкаў тут прагаласавалі датэрмінова.

- Нягледзячы на тое, што пры падліку галасоў мы стаялі практычна за спінамі сяброў камісіі і бачылі, як яны лічылі бюлетэні, асобнага падліку вынікаў датэрміновага галасавання, на даму і ў асноўны дзень галасавання ўсё адно не вялося, - распавёў Юрый Чавусаў, вядомы беларускі палітолаг, які таксама быў назіральнікам на ўчастку № 9. - У выніку ніхто з сяброў камісіі, кожны з якіх падлічваў толькі свій стос бюлетэняў і перадаваў атрыманыя звесткі сакратару камісіі, не можа быць упэўнены, што яго вынік запісалі правільна. Канчатковыя лічбы былі абвешчаны па ўсіх бюлетэнях адразу, так што параўнаць вынікі папярэдняга і асноўнага дзён галасавання было немагчыма. Працэдура, калі кожны сябра камісіі адказвае толькі за свой стос бюлетэняў, прыдумана беларускай уладай не выпадкова - такая сістэма не дазваляе сябрам камісіі бачыць, ці справядлівы той вынік, пад якім яны падпісваюцца.

Палітолаг адзначыў, што змены, унесеныя ў беларускі выбарчы кодэкс, не прынеслі ніякіх навін ні ў працэдуру падліку галасоў, ні ў схему вызначэння вынікаў выбараў. Велізарны адрыў праўладных кандыдатаў ад прадстаўнікоў дэмсіл, пра які сведчаць лічбы, толькі пацвярджаюць непраўдзівасць такіх дадзеных.

- Можна ўключаць апазіцыйных прадстаўнікоў у склад камісій, можна дазваляць любую агітацыйную працу, - упэўнены Юрый Чавусаў. - Усё адно ўсё акажацца ў руках у аднаго чалавека, які займаецца падлічанымі лічбамі і агульным і канчатковым вынікам.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства