viasna on patreon

Баранавічы: Адзіны зарэгістраваны з дэмакратычных кандыдатаў Аляксандр Галькевіч перамог праўладнага кандыдата Міхаіла Шубіча

2010 2010-04-26T12:26:10+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/fota-halkevicza-26042010-006-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксандр Галькевіч,  сябра Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”

Аляксандр Галькевіч, сябра Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”

Адзіны зарэгістраваны з дэмакратычных кандыдатаў Аляксандр Галькевіч,  сябра Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, на выбарах 25 красавіка перамог праўладнага кандыдата - галоўнага рэдактара дзяржаўнай газеты “Наш край”, сябра  Баранавіцкага гарвыканкама Міхаіла Шубіча. Яны балатаваліся па выбарчай акрузе № 25 на выбарчым участку № 34. Яўка прагаласаваўшых склала на гэтым участку 58,3% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў. За Аляксандра Галькевіча прагаласавала 823 выбаршчыкаў (48%), а за Міхаіла Шубіча – 545 (32%). У  датэрміновым галасаванні на гэтым участку брала ўдзел 828 чалавек (амаль 48% ад агульнай колькасці прагаласаваўшых).

Давераная асоба Аляксанлра Галькевіча Віктар Цяпін паведамляе, што старшыня выбарчай камісіі У.Кунік падчас падліку галасоў раптоўна пакінуў камісію і доўга адсутнічаў. Гэта здарылася тады, калі стала відавочна, што А.Галькевіч набірае больш галасоў, чым яго канкурэнт. Віктар Цяпін мяркуе, што старшыня выбарчай камісіі ўзгадняў склаўшуюся сітуацыю з вышэйстаячымі інстанцыямі. Старшыня камісіі быў настолькі разгублены, што не агучваў лічбы за кандыдатаў А.Галькевіча і М.Шубіча пры падліку галасоў у скрыні папярэдняга галасавання, як таго патрабуюць змены ў арт. 55 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Са слоў даверанай асобы кандыдата Віктара Цяпіна, было відаць, што ў скрыні папярэдняга галасавання за праўладнага кандыдата былі ўкінуты пачкі бюлетэней, таму атрымаўся такі вялікі працэнт датэрмінова прагаласаваўшых, але, як бачым, ім і гэта не дапамагло.

Вось чаму ўлада баялася дэмакратычных кандыдатаў, не ўключыла ніводнага прадстаўніка ў тэрытарыяльную і ўчастковыя камісіі, прыўладная тэрытарыяльная камісія незаконна не зарэгістравала астатніх дэмакратычных кандыдатаў. Маглі ж перамагчы і астатнія, мяркуюць мясцовыя назіральнікі.

Баранавіцкі ГАУС да гэтага часу праводзіць расследаванне справы па падробцы выбарчых дакументаў тэрытарыяльнай камісіяй і, магчыма, супраць парушальнікаў Выбарчага кодэкса будзе ўзбуджана крымінальная справа.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства