Мікалай Лазавік – назіральніку: Калі вас не пусцяць у тэрытарыяльную камісію, то яны будуць мець рацыю
Агульнавядома, што артыкул 13 Выбарчага кодэксу абвяшчае выбары ў Беларусі адкрытымі і галоснымі. Ці ж так гэта на самой справе? Назіральнік Сяргей Гоўша, які мае вялікі досвед назірання, добра памятае, як яго раней не дапускалі да назірання ў Баранавіцкую тэрытарыяльную выбарчую камісію, якая заўжды месцілася ў гарвыканкаме (як і зараз).
Таму Сяргей Гоўша вырашыў загадзя пракансультавацца ў сакратара Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалая Лазавіка.
Патэлефанаваўшы 24 красавіка ў Цэнтрвыбаркам, назіральнік распавёў Лазавіку, як яго раней не пускалі ў дзень галасавання ў тэрытарыяльную камісію, заяўляючы, што ён можа прысутнічаць назіральнікам у дзень выбараў толькі на пасяджэнні тэрытарыяльнай камісіі. Далей Сяргей Гоўша выказаў сваё меркаванне наконт таго, што праца камісіі па прыёму выбарчых бюлетэняў і пратаколаў з участкаў і праводзіцца ў рэжыме пасяджэння. А інакш - як яна можа прымаць пратаколы і галасаваць аб прыняцці ці непрыняццці гэтых дакументаў? Таму назіральнік і запытаўся, якога меркавання ў гэтым пытанні прытрымліваецца М.Лазавік.
Сакратар ЦВК адказаў, што згодна арт.13 ВК назіральнік можа прысутнічаць толькі на пасяджэнні камісіі. Ён тлумачыў: “Мы ж таксама працуем, і да нас прыходзяць назіральнікі - толькі на пасяджэнне. Ёсць пасяджэнне, ёсць парадак дня, тады разглядаецца пытанне, хтосьці там прапануе праект рашэння. А як там рыхтуецца пытанне – гэта ўсё не на пасяджэнні. У нас ёсць апарат у Цэнтральнай камісіі. Яны штосьці правяраюць, вывучаюць, і толькі потым на пасяджэнні камісіі, у прысутнасці назіральнікаў, разглядаецца гэтае пытанне. І калі заўтра вас не пусцяць у тэрытарыяльную камісію, то яны будуць мець рацыю”.
- Выходзіць, што мы нічога не можам назіраць? – перапытаў С.Гоўша ў сакратара ЦВК?
- Гэта няправільна, гэта ваш пункт гледжання, вы можаце прысутнічаць на пасяджэнні,– адказаў Мікалай Лазавік.
Выходзіць, што назіральнік на выбарчым участку можа сядзець на адлегласці 14-15м. і глядзець на спіны сябраў камісіі. А прысутнічаць пры перадачы бюлетэняў у тэрытарыяльнай камісіі – нельга. Дык ці назіранне гэта, задае рытарычнае пытанне Сяргей Гоўша.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”