viasna on patreon

Другі раз затрыманы наклад чарговага нумару "Народнай волі"

2006 2006-01-11T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

9 студзеня на расійска-беларускай мяжы быў затрыманы наклад чарговага, другога ў гэтым годзе падвоенага нумару "Народнай волі". Гэтым разам - без тлумачэння прычын.
27 тысяч асобнікаў газеты, якія былі аддрукаваныя ў Смаленскай друкарні і перавозіліся ў Беларусь, затрымалі супрацоўнікі памежнага пункту ў Рудні. Затрыманы наклад перавезлі ў Дубровенскі райаддзел міліцыі, дзе ён утрымліваецца і цяпер.
Ані галоўны рэдактар выдання Іосіф Сярэдзіч, ані журналісты дагэтуль не атрымалі ад прадстаўнікоў праваахоўных органаў адказу адносна прычын затрымання. Дзяжурны Дубровенскага райаддзелу заявіў прэс-службе ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", што не мае інфармацыі на гэты конт. На пытанне, хто ж валодае такой інфармацыяй, ён спачатку назваў АБЭЗ (Аддзел па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю), а потым параіў тэлефанаваць намесніку начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Дубровенскага РАУС (дадаўшы, аднак, што на месцы яго пакуль няма).
Як паведаміў прэс-службе БАЖ Іосіф Сярэдзіч, увечары 9 студзеня у Дубровенскім РАУС яго пераконвалі, што ініцыятыва затрымання накладу зыходзіць ад Дзяржаўнага мытнага камітэту. Аднак, па словах сп-ра Сярэдзіча, 10 студзеня намеснік начальніка ўпраўлення мытных расследаванняў Дзяржаўнага мытнага камітэту Алег Дзяркач запэўніў яго, што ў гэтага ведамства прэтэнзій да выдання няма і што разбірацца трэба якраз з міліцыяй.
Мінулым разам наклад "Народнай волі" затрымалі 3 студзеня, спаслаўшыся на неналежнае афармленне аднаго з суправаджальных дакументаў. Амаль суткі газету трымалі ў тым жа Дубровенскім аддзеле міліцыі; аднак пасля таго, як 4 студзеня Смаленская друкарня прадставіла належныя паперы, наклад вярнулі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства