30 снежня старшы сьледчы Пракуратуры Беларусі Станіслаў Новікаў выклікаў дырэктара зарэгістраванага ў Вільні Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў Алега Манаева і ўручыў яму папярэджаньне аб недапушчэньні парушэньня заканадаўства.
Дакумэнт падпісаны намесьнікам генеральнага пракурора Мікалаем Купрыянавым, які сьцвярджае, што праверкай выяўлена, што нягледзячы на тое, што НІСЭПД пазбаўлены ў Беларусі рэгістрацыі, спадар Манаеў працягвае праводзіць апытаньні грамадзкай думкі.
“У выпадку паўтарэньня парушэньняў устаноўленага парадку правядзеньня сацапытаньняў у перыяд падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь вашыя дзеяньні будуць расцэненыя як парушэньне заканадаўства, за што вы можаце быць прыцягнутымі да адказнасьці”, -- сьцвярджаецца ў папярэджаньні пракуратуры на адрас Алега Манаева.
Прафэсар Манаеў лічыць гэтае папярэджаньне неабрунтаваным, бо ў пракуратуры спасылаюцца на пастанову Саўміну, якая рэгулюе парадак акрэдытацыі юрыдычных асоб, што праводзяць сацапытаньні, ён жа займаецца імі як прыватная асоба, што не рэгулюецца ніякім заканадаўствам.
Як перадае “Радыё Свабода”, спадар Манаеў мае права абскардзіць гэтае папярэджаньне генэральнаму пракурору, але пакуль не вырашыў, як дзейнічаць далей.