Невядомыя абрабавалі аўтамабіль праваабаронцы
Алена Танкачова, старшыня «Фонду разьвіцьця прававых тэхналёгій», паведаміла «Свабодзе», што сёньня ўначы невядомыя разьбілі шкло ў яе аўтамабілі. З салёну скралі яе асабістыя рэчы.
Сьледчыя паведамілі, што рабаўнікі былі ў пальчатках. Паводле крадзяжу распачата крымінальная справа.
Праваабаронца Алена Танкачова паведаміла «Свабодзе»: «Даволі высокая верагоднасьць таго, што сапраўднай мэтай невядомых быў ня столькі крадзеж, колькі ператрус аўтамабіля. Я не выключаю, што гэтыя дзеяньні зроблены з мэтай ціску на мяне як на праваабаронцу.
Апошнім часам я была ініцыятаркай перамоўнага працэсу з прадстаўнікамі сілавых структур напярэдадні правядзеньня масавых акцый, а таксама сябрам групы экспэртаў, якая дала негатыўную ацэнку пэрспэктываў будаўніцтва АЭС. Іншыя сябры групы таксама адчуваюць ціск».