viasna on patreon

Адзінаму кандыдату ад апазыцыі на прэзыдэнцкія выбары Аляксандру Мілінкевічу ўлады перашкаджаюць праводзіць сустрэчы на Берасьцейшчыне

2005 2005-12-14T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

12 сьнежня пачалася паездка па Берасьцейшчыне адзінага кандыдата ад апазыцыі на прэзыдэнцкія выбары Аляксандра Мілінкевіча. Міліцыя і спэцслужбы вядуць назіраньне за дэлегацыяй.
13 сьнежня амаль на дзьве гадзіны яны затрымалі кіроўцу і мікрааўтобус, на якім дэлегацыя разам з Аляксандрам Мілінкевічам перамяшчаецца па Берасьці. Яны ўважліва агледзелі машыну і рэчы, высьвятлялі, ці ня скрадзены гэты аўтамабіль, хаця менавіта на ім дэлегацыя Мілінкевіча была ў іншых рэгіёнах. У міліцыянтаў выклікалі падазрэньне відэакасэты з мультфільмамі “Прыгажуня ў сонным лесе”, “Папялушка” ды іншымі, якія адзіны кандыдат прывёз дзіцячаму сірочаму прытулку. У райаддзеле міліцыі ўсе гэтыя касэты прагледзелі, але нічога крамольнага там не знайшлі. Пасьля гэтага кіроўцу адпусьцілі, а касэты вярнулі.

За два дні паездкі па Берасьці транспарт каманды Мілінкевіча затрымлівалі ўжо чатыры разы. Міліцыянты тлумачаць свае дзеяньні правядзеньнем апэрацыі “Нелегал”.

Літаральна за 5 хвілін да сустрэчы на прахадной берасьцейскага заводу “Сьветатрон” супрацоўнікі Дзяржаўтаінспэкцыі зноў затрымалі аўтамабіль Аляксандра Мілінкевіча. І кіроўцу, і аўтамабіль старанна правяралі супрацоўнікі ДАІ. Спадару Мілінкевічу давялося перасесьці ў іншы аўтамабіль, каб не спазьніцца на сустрэчу з рабочымі завода “Сьветатрон”.

Увечары міліцыянты сарвалі сустрэчу дэмакратычнага кандыдата з інтэлігенцыяй, якая планавалася на кватэры аднаго з мясцовых актывістаў. На сустрэчу сабраліся каля 70 чалавек. Але літаральна праз 20 хвілін прыйшлі два супрацоўнікі міліцыі і сказалі, што ім паступіў сігнал аб правядзеньні ў памяшканьні несанкцыянаванага сходу. Яны прыгразілі, што выклічуць спэцпадразьдзяленьне, і па прозьбе сп. Мілінкевіча, удзельнікі сустрэчы вымушаныя былі разысьціся. Аднак на гаспадара, кіраўніка гарадзкога штабу Зьіцера Шыманскага усё-роўна быў складзены пратакол за правядзеньне нібыта несанкцыянаванага сходу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства