viasna on patreon

Цэнтрвыбаркам прапанаваў Магілёўскаму гарвыканкаму перагледзець рашэнне пра месцы для агітацыі

2010 2010-04-08T13:18:24+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bukhel-otvet-ck.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Цэнтральная выбарчая камісія прапанавала Магілёўскаму гарадскому выканаўчаму камітэту ўнесці дапаўненні ў рашэнне пра вызначэнне месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў з мэтай перадвыбарчай агітацыі. Пра гэта паведамляецца ў адказе за подпісам старшыні камісіі Лідзіі Ярмошынай, які атрымаў праваабаронца Барыс Бухель  на сваю скаргу.

- Папярэдняе месца для правядзення перадвыбарчай агітацыі, прапанаванае гарвыканкамам, паводле афіцыйнай інфармацыі у газетах і на сайце гарвыканкама, знаходзіцца па вул.Чалюскінцаў каля дома №64. І тут узнікае праблема, бо гэта звычайная чатырохпавярховая “хрушчоўка”, да тарца якой прымыкае гарадскі цэнт рытуальных паслуг, - кажа Барыс Бухель. - Традыцыйным месцам для правядзення масавых мерапрыемстваў у Магілёве была вызначана пляцоўка каля дома 64-А па гэтай жа вуліцы. Гэта былы будынак палаца культуры завода штучнага валакна імя Кірава, які на цяперашні момант знаходзіцца ў аварыйным стане. У сувязі з гэтым мы і падалі скаргу, у якой патрабавалі, каб не толькі  было ўдакладнена месца, але і каб такія месцы з’явіліся на кожнай выбарчай акрузе.

Барыс Бухель адзначае, што ў гэтым пытанні абласная выбарчая камісія падтрымала праваабаронцаў, а сакратарка камісіі Людміла Макаранка паведаміла, што ўчора, 7 красавіка, мусіла адбыцца пасяджэнне гарвыканкама, на якім павінны былі вызначацца новыя месцы для агітацыі. З яе словаў, інфармацыя пра гэта будзе надрукавана ў пятнічным нумары газеты “Веснік Магілёва”.

Па ўсіх астатніх скаргах праваабаронца не знайшоў паразумення. У прыватнасці, Барыс Бухель дамагаўся таго, каго былі надрукаваны звесткі пра месцы працы сябраў выбарчых камісій і іх службовыя пасады – з тым, каб можна было вызначыць працэнтныя суадносіны дзяржаўных служачых у выбарчых камісіях.

- Ні адзін з маіх довадаў не быў абвергнуты, - адзначае праваабаронца, - адказ Цэнтрвыбаркама галаслоўны. З нагоды маёй скаргі яны спасылаюцца толькі на артыкул 34 Выбарчага Кодэкса, а астатнія артыкулы яны абыходзяць бокам, бо ім няма чаго супрацьпаставіць.

Акрамя гэта праваабаронца скардзіўся на факт стварэння Магілёўскай абласной выбарчай камісіі амаль за месяц да прызначэння выбараў. У якасці аргумента праваабаронца прыводзіў спасылку на сайт Магілёўскага аблвыканкама, дзе інфармацыя пра гэта датавалася 28.12.2009 годам. Цэнтрвыбаркам адказаў прадказальна і коратка: "Камісія была ўтворана 27 студзеня 2010 года ва ўстаноўленым парадку, а першае яе паседжанне адбылося 28 студзеня 2010 года, на якім былі абраны старшыня, намеснік старшыні і сакратар камісіі. У адказе, накіраваным на ваш адрас з Магілёўскай абласной выбарчай камісіі, дапушчана тэхнічная памылка ва ўказанні месяца ўтварэння камісіі. СПАДЗЯЕМСЯ, ВЫ ГЭТА РАЗУМЕЕЦЕ".

 “Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства