Суд над Віктарам Рамнёвым пераносіцца
Дырэктара прыватнага ўнітарнага гандлёвага прадпрыемства «Витебский корунд» Віктара Рамнёва міліцыя затрымала 1 красавіка ў Віцебску каля пад’езда яго дома.
У часе дагляду аўтамабіля міліцыянты забралі 56 асобнікаў зарэгістраванай ў Расіі газеты «Витебский курьер». У РУУС Першамайскага раёна на Рамнёва склалі пратакол за парушэнне арт. 22.9 КаАП — распаўсюд перыядычных выданняў без выходных дадзеных. У той жа вечар міліцыя прызначыла суд па яго справе на 8 красавіка. Слуханні мелі адбыцца ў судзе Першамайскага раёна г. Віцебска (вул. Гарбачэўскага, д.26).
7 красавіка юрыдычны кансультант «Витебского корунда» Павел Левінаў даведаўся ў судзе, што дату разгляду адміністратыўнай справы перанеслі. На якіх дзень — пакуль не паведамляюць ні юрысту, ні самому Рамнёву.